У ім прынялі ўдзел работнікі ўстаноў-арганізатараў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ), студыі дакументальнага кіно “Летапіс”, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, прафесары і студэнты гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Круглы стол стаў важным мерапрыемствам для прадстаўнікоў навуковых, навучальных і архіўных устаноў, што займаюцца захаваннем, вывучэннем і папулярызацяй кінамастацтва нашай краіны. Абмеркаванне тэмы кінафотадакументаў Вялікай Айчыннай вайны дае магчымасць не толькі пазнаёміць спецыялістаў з ужо назапашаным вопытам, але таксама пашырыць і паглыбіць разуменне актуальных задач трансляцыі гістарычнай памяці ў грамадстве.
БДАМЛМ на круглым стале прадстаўлялі вядучы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Д.С.Самахвалаў і вядучы архівіст І.А.Лабовіч. У сваім выступленні “Дакументальнае кіно і кінахроніка Вялікай Айчыннай вайны як гістарычная крыніца” Д.С.Самахвалаў звярнуў увагу на асаблівасці пабытовага ўспрымання кінадакументаў ваенных гадоў як дакладнага сведчання падзей, у той час як на самой справе яны з’яўляюцца творчымі працамі кінааператараў і рэжысёраў і патрабуюць асцярожнага стаўлення з боку даследчыкаў. Ім таксама былі разгледжаны праблемныя пытанні інтэрпрэтацыі і выкарыстання кінадакументаў у працах гісторыкаў. Выступленне выклікала жывы абмен думкамі, які працягнуўся пасля завяршэння мерапрыемства.