8 красавіка 2026 г. дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Алена Аляксандраўна Макаранка і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Д.С.Самахвалаў прынялі ўдзел у аўтарскай перадачы “Дыялогі пра культуру” журналіста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Якаўлевіча Гальпяровіча на канале радыё “Культура”. У перадачы разглядалася тэма ўнёску беларускіх жанчын у развіццё нацыянальнай культуры.
БДАМЛМ з’яўляецца найбуйнейшым сховішчам дакументаў выдатных дзеячак літаратуры і мастацтва мінулага стагоддзя, у тым ліку Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Канстанцыі Буйло, Ларысы Александроўскай, Соф’і Друкер, Зінаіды Бандарынай, Ганны Абуховіч і г. д. Тым не меней, асабістыя фонды жанчын складаюць толькі 8,94% ад агульнай колькасці фондаў архіва-музея, у той час як мужчын – 65,59%. Гэтыя лічбы адлюстроўваюць традыцыйнае стаўленне да занятку інтэлектуальнай працай жанчынамі ў мінулым. БДАМЛМ імкнецца пашыраць уяўленне аб важнасці іх дзейнасці праз азнаямленне з дакументальнай спадчынай.
Н.Я.Гальпяровіч выказаў шчырую зацікаўленасць у вопыце архіва-музея, абмеркаваў разнастайныя формы папулярызацыі культурных дзеячоў праз архіўныя ўстановы. Пасля заканчэння перадачы прадстаўнікі БДАМЛМ правялі перамовы аб магчымасцях фарміраванне асабістага фонда Н.Я.Гальпяровіча ў БДАМЛМ.
Размову паміж Н.Я.Гальпяровічам і прадстаўнікамі БДАМЛМ глядзіце па спасылцы: https://www.youtube.com/watch?v=wAxIZ-CcNtY

