12.12.2024

БДАМЛМ на адкрыцці выставы «Зімовыя дзівосы» Віктара Барабанцава ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

11 снежня работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі, дзе адбылося адкрыццё выставы знакамітага мастака, Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Віктара Барабанцава пад назвай «Зімовыя дзівосы».

Віктар аб'ездзіў з мальбертам усю краіну, а з выставамі — ледзь не палову зямнога шара. Калі сабраць усе карціны можна скласці максімальна падрабязны партрэт нашай Радзімы. І кожны штрых, кожны мазок аўтар прапусціў праз сэрца, напоўненае шчырай любоўю да роднай зямлі, цікавасцю да гістарычнага мінулага Беларусі і культурных традыцый нашага народа.

На выставе «Зімовыя дзівосы» прадстаўлены больш за дваццаць карцін, кожная з якіх пагружае гледача ў чароўны свет зімовых святаў. Асноўная тэматыка работ – калядныя гулянні, якія адлюстроўваюць народныя традыцыі і звычаі.

Творы Віктара Кірылавіча знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Літаратурнага музея М.Багдановіча і інш.

Падчас сустрэчы Наталлі Марчук з Віктарам Барабанцавым была дасягнута дамоўленасць аб уключэнні яго ў спіс грамадзян (дзеячаў літаратуры і мастацтва) – крыніц камплектавання БДАМЛМ – і папаўнення Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспіблікі Беларусь яго дакументамі.