Перад пачаткам сеансу загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вераніка Пятроўна Скок выступіла перад гледачамі з гістарычнай даведкай аб стратэгічнай наступальнай аперацыі па вызваленні Беларусі «Баграціён», якая па задуме, маштабах, эфектыўнасці і значнасці займае асаблівае месца і ўяўляе важную главу ў айчыннай і сусветнай гістарыяграфіі ваеннага мастацтва.
Вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Наталля Аляксандраўна Мізон распавяла аб праекце «Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі, як маглі», які ажыццяўляецца ў мэтах выканання Плана падрыхтоўкі і правядзення святочных мерапрыемстваў да 80-годдзя вызвалення Беларусі, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 кастрычніка 2023 года № 316. Кадры ўнікальнай архіўнай хронікі закліканы прадэманстраваць гістарычныя падзеі і людзей, якімі па праву ганарацца нашчадкі.
Арганізатары і ўдзельнікі кіналекторыя былі адзіныя ў сваім меркаванні аб тым, што толькі захаванне гістарычнай памяці і гістарычнай праўды дазволіць нам заставацца адзіным народам.