14.06.2024

БДАМЛМ аб франтавых аператарах і кінарэжысёрах тэлеканалу “Беларусь 3” да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

13 чэрвеня 2024 года у рамках святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) Алена Аляксандраўна Макаранка прыняла ўдзел у здымках тэлеканала “Беларусь 3” Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь адной з серыі дакументальнага фільма аб франтавых кінааператарах, рэжысёрах, журналістах і фатографах, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі і Еўропы.

У сваім інтэрв'ю А.А Макаранка распавяла пра ўнікальны дакумент, які захоўваецца ў БДАМЛМ – працоўным варыянце дыктарскага тэксту, напісанага Мікалаем Садковічам у лютым-сакавіку 1945 г. для поўнаметражнай эпічнай кінастужкі “Вызваленне Савецкай Беларусі”. Гэтая кінастужка з'яўлялася першай спробай гістарычна асэнсаваць і мастацка растлумачыць кіналетапіс стратэгічнай аперацыі “Баграціён”. Кінематаграфіст і літаратар Мікалай Садковіч сумесна з беларускім кінарэжысёрам Уладзімірам Корш-Сабліным перагледзелі кіламетры франтавой і партызанскай кінастужкі, знятыя больш чым 40 аператарамі падчас вызвалення Беларусі. Гэты дакумент, спярэшчаны праўкамі і пазнакамі М. Садковіча, дазваляе зразумець, як складана ішоў працэс адбору і мантажнай кампаноўкі матэрыялы, у якім кірунку эвалюцыянавала аўтарская задума гэтага значнага для нашай краіны фільма. Акрамя таго, А.А. Макаранка распавяла пра папаўненне фондаў БДАМЛМ дакументамі з сямейнага архіва беларускага франтавога аператара Юльяна Доўнера, перададзенымі яго дачкой, – Людмілай Юльянаўнай Доўнер-Маліцкай.