Калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім у сувязі з адыходам у вечнасць Раісы Баравіковай.
Разам з усёй культурнай грамадскасцю мы, архівісты, сумуем, страціўшы таленавітую паэтку з непаўторна-звонкаспеўным лірычным голасам. “Народжаны ў спакоі цішыні шукае…” Словы Раісы Баравіковай – паэткі, празаіка, драматурга, рэдактара, перакладчыка, што шукала цішыню у лесе пад сховай дрэў, у пялёсткавай прасторы саду, сярод вясновых пралесак і дзьмухаўцоў, чаромхі і бэзу, шыкоўнай квецені надыходзячага лета з яго пахкімі ліпамі, рамонкамі, званочкамі і валошкамі, мятай і чаборам... гучаць для нас сёння, у гэтыя дні напрыканцы траўня асабліва балюча і шчымліва.
Раіса Баравікова адыйшла ў лепшы свет, узляцела “нібыта пушынка, што трапляе ў бязважкасць” да нябёсаў, пакінуўшы нам чароўную, жывую, сонечную паэзію. “З будзёнасці шэрай, нібыта з туману, расінкай празрыстай імкнуся да сонца…”
Пры жыцці Раіса Андрэеўна выказвала згоду на перадачу ўласнага архіва ў фонды БДАМЛМ. Дакументы, звязаныя з яе жыццём і творчасцю, стануць неацэннай крыніцай для даследчыкаў і аматараў паэзіі ў будучым.

