Дырэктар БДАМЛМ Алена Аляксандраўна Макаранка выступіла перад прысутнымі з вітальным словам і адзначыла важнасць захавання дакументальнай спадчыны актрысы для даследаванняў. Калегі Стэфаніі Міхайлаўны - народныя артысткі Беларусі Марыя Захарэвіч і Зінаіда Зубкова падзяліліся цёплымі ўспамінамі пра Стэфанію, распавялі пра яе ўзвышанасць і адначасова чалавечую прастату. Былі расказаны шматлікія гісторыі з тэатральнага жыцця, якія адкрывалі Стэфанію Станюту ў розных ролях і сяброўскіх стасунках з акцёрамі Купалаўскага тэатра. Тэатразнаўца і кінакрытык Нэлі Крывашэева ўзнавіла перад прысутнымі вялікі пералік роляў актрысы, расказала пра павагу да яе з боку вядомых артыстаў.
На мерапрыемстве Нэлі Абрамаўна перадала ў фонды архіва-музея самаробныя ўпрыгожванні, якія былі зроблены уласнымі рукамі Стэфаніі Станюты. Яны дапоўняць калекцыю музейных прадметаў у фондзе актрысы. Куратар выставы
Наталля Мізон акцэнтавала ўвагу прысутных на прадстаўленых дакументах, якія сведчаць пра складаны і цікавы лёс Стэфаніі Станюты. На мерапрыемстве прысутнічалі родныя вялікай актрысы: брат Уладзімір Міхайлавіч Станюта, нявестка Ірына Аляксееўна Міхайлава-Станюта, унук Дзмітрый Аляксандравіч Станюта. Яны падзяляліся сямейнымі ўспамінамі.
Атмасфера ў перапоўненай зале БДАМЛМ нагадвала тэатральны аншлаг, дзякуючы прыхільнікам таленту Стэфаніі Станюты.