18.05.2026

115 гадоў з дня нараджэння Васіля Віткі: скарбы фонду класіка ў БДАМЛМ

16 мая спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Васіля Віткі (Цімохі Васільевіча Крысько) – выбітнага беларускага паэта, празаіка, драматурга, крытыка і педагога. Васіль Вітка нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці.

Ягоны яркі паэтычны талент найбольш поўна выявіўся ў творах для дзяцей, а сам творца з 1957 па 1974 год з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка». Значная частка творчых і асабістых матэрыялаў пісьменніка беражліва захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Гэты фонд паступіў у БДАМЛМ 19 снежня 1997 года ад дачкі творцы Н.Ц.Гаўрылавец. Сярод архіўных скарбаў – унікальныя фотаздымкі, рукапісы, асабістыя запісныя кніжкі, лісты да Васіля Віткі ад калег і сяброў, біяграфічныя матэрыялы, а таксама кнігі з яго асабістай бібліятэкі, у тым ліку з каштоўнымі дароўнымі надпісамі. Частка дакументаў з архіва пісьменніка знаходзіцца на захаванні ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Да юбілейнай даты вядучы архівіст БДАМЛМ Н.А.Мізон дала падрабязнае інтэрв’ю карэспандэнту інфармацыйнага агенцтва БелТА. Яна распавяла аб унікальным складзе фонду паэта, яго творчай дзейнасці і цёплых сяброўскіх адносінах з калегамі па пяру.

Азнаёміцца з поўным тэкстам інтэрв’ю можна па спасылцы: https://belta.by/culture/view/epigrammy-sborniki-avtobiografija-chto-hranit-arhiv-muzej-vasilja-vitki-781062-2026/

Акрамя таго, на сайце архіва-музея экспануецца віртуальная выстава «Васіль Вітка – паэт дзіцячай душы» https://bdamlm.by/vystavi/virtualnyya-vystavi/vasil-vitka-paet-dziczyachaj-dushy