Куляшоў Аркадзь Аляксандравіч нарадзіўся 6 лютага 1914г. у вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павета Магілёўскай губерніі (цяпер Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці) ў сям’і настаўнікаў. У 1928г. паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, а ў 1931г. перайшоў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933г. Быў членам БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена” (1934), на беларускім радыё (1934–1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР (1936–1937). У 1941–1943гг. – на фронце ў армейскай газеце “Знамя Советов”, у 1943–1945гг. – у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945–1946гг. – рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1958–1967гг. – начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947–1978). Член СП СССР з 1934г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1948, 1964), ордэнам Чырвонага Сцяга (1943), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955, 1974) і медалямі. Народны паэт БССР (1968), заслужаны работнік культуры УССР (1973). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1946г. – за паэму “Сцяг брыгады”, 1949г. – за паэму “Новае рэчышча”). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Купалы (1970г. – за пераклады паэзіі М.Лермантава, паэм “Энеіда” І.Катлярэўскага, “Спеў аб Гаяваце” Г.Лангфэла). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968г. – за паэмы “Грозная пушча”, “Толькі ўперад”, “Песня аб слаўным паходзе” і вершы ў перыёдыцы).
Безумоўна, фонд народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова – адзін з самых буйных у БДАМЛМ. Ён налічвае звыш 3700 дакументаў. Да юбілейнага года творцы архіў-музей прэзентуе каштоўныя дакументы на літаратурна-дакументальнай выставы “Перад сабой і светам будзь праўдзівы…”
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены як шматлікія рукапісы знакавых твораў Куляшова, так і дакументы, якія праліваюць святло на міфы, звязаныя з яго паэзіяй. Лісты сяброў дзяцінства і юнацтва адкрываюць цікавыя факты біяграфіі паэта, якія не былі дасюль згаданыя ў вядомых звестках пра Аркадзя Аляксандравіча. Сярод усяго багацця фонду Куляшова ўвагу біёграфаў і даследчыкаў прыцягнуць унікальныя лісты ваеннай пары, якія захавалі эмоцыі і думкі куляшоўскага кола сяброў і сваякоў.
Спецыялісты БДАМЛМ прапануюць нанова прачытаць вядомыя з дзяцінства радкі Куляшова праз прызму прадстаўленых у архіўным фондзе дакументаў.
Запрашаем на адкрыццё выставы і рэкамендуем азнаёміцца з наступнымі матэрыяламі:
https://zviazda.by/be/news/20240205/1707138157-syonnya-110-gadou-z-dnya-naradzhennya-arkadzya-kulyashova-pagavaryli-z