Успаміны Івана Якімавіча Міско: да Дня абаронцы Айчыны

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, Народны мастак Беларусі Іван Якімавіч Міско нарадзіўся 22 лютага 1933 год у вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1954–1957), у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1960–1966). На сённяшні дзень працуе ў галіне станкавай і манументальнай скульптуры.

Значнае месца ў творчасці І. Міско займаюць партрэты сучаснікаў. У Мінску адкрыта майстэрня-музей Івана Міско.

Іван Якімавіч Міско – наш фондаўтваральнік. Мы скарысталі яго ўспаміны пра сваю службу ў арміі. Успаміны, ўзятыя з кнігі з серыі ЖЗЛБ "Іван Міско. Зорны Шлях", складальнікам якой з'яўляецца вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Міхаіл Кенька.

“У 1949 годзе я паступіў у мінскае мастацкае вучылішча на аддзяленне жывапісу. Але ў вучылішчы я прабыў нядоўга. Прыйшла павестка – я прызываўся на службу ў армію. Прыйшоў у ваенкамат, там праверылі спісы, і аказалася, што мне ісці служыць трэба толькі праз год. А я ўжо быў пастрыжаны нагала, прайшоў медкамісію. “Вярнуся, – думаю, – дадому, а ў вёсцы гаварыць будуць, што хворы на нешта, таму і не ўзялі. Дзяўчаты засмяюць – бракаваны”. Стала мне вельмі крыўдна. Дадому не пайшоў, пакуль не ўпрасіў ваенкамаўскае начальства, каб прызвалі ў гэтым годзе. І такую настойлівасць праявіў, так пераконваў, што мне сорамна будзе вярнуцца. І мяне ў армію ўзялі.

Служыў далёка ад Беларусі, у Забайкаллі. Ехалі туды прызыўнікі ажно дзесяць дзён. Былі мы апранутыя не ў вайсковую форму, а ў сваё, хатняе, прычым бацькі давалі кожнаму самую горшую адзежу, бо ведалі, што яе назад не адашлюць, як гэта робіцца цяпер. І вось ехалі мы такія абадраныя, як нейкая шпана. На вакзалах выскоквалі на перон, дык нас усе баяліся, нават дзверы магазінаў імгненна зачынялі, думалі, што вязуць асуджаных на турэмнае зняволенне.

Нарэшце прыехалі. І павялі нас перш-наперш у лазню. Пасля нам выдалі абмундзіраванне, сталі мы ў строй. Глядзім адзін на аднаго – і не пазнаём. Толькі па галасах неяк крыху распазналі тых, з кім паспелі ўжо ў дарозе пазнаёміцца.

Служыў у танкавай часці. Але нядоўга я вучыўся на танкіста. Пачалі высвятляць, хто якой прафесіяй валодае, якія здольнасці мае. Выклікаюць: “Хто ўмее маляваць – крок наперад”. А мне хацелася маляваць і ў арміі. Падумалася: можа тут яшчэ і навучуся чаму-небудзь. І я зрабіў крок наперад. Ды надзеям маім не суджана было спраўдзіцца.  

Прывялі мяне ў гарнізонны клуб, і начальнік яго, маёр, сказаў: “Табе даецца тыдзень. За гэты час ты павінен намаляваць партрэты ўсіх членаў Палітбюро. Маляваць будзеш сухім пэндзлем на палатне”. А я ніякага паняцця не меў, што такое сухі пэндзаль, як ім маляваць на вялікім палатне. І вось ноччу ўсе спяць у казарме, а да мяне сон не ідзе: усё думаю, як мне выкруціцца, не аскандаліцца.

Назаўтра мне выдалі ўсё, што было патрэбна для малявання. Але не было пэндзляў. Выхад знайшоў сам. Непадалёк ад часці стаяла хата пуцявога абходчыка, які трымаў коз. І вось я з сябрамі падцікавіўся і адрэзаў нажом казловую бараду. З яе атрымаліся выдатныя пэндзлі. Дагэтуль не ведаю лепшых. Але праз той рабунак я мог мець непрыемнасці. Праз колькі дзён гаспадар казла прыйшоў да камандзіра і пажаліўся: “Майго казла зняславілі. Абрэзалі бараду. І цяпер козы не хочуць з ім знацца. Абрэзаць казлу бараду мог толькі нехта з вашых салдат. Прашу знайсці жартаўніка і пакараць”. Камандзір правёў следства, але хлопцы мяне не выдалі.

Праблема з пэндзлямі вырашылася, і я пачаў працаваць. Начальнік клуба, праўда, мне дапамог. Даў спецыяльны прыбор, які дазваляў рабіць праекцыю малюнкаў на экран – эпідыяскоп. Я закладваў у яго партрэт члена Палітбюро, праецыраваў на прасціну, абводзіў па контуры, а потым размалёўваў. Адказнасць была вялікая! Гэта ж не простыя людзі, а Сталін, Варашылаў, Берыя, Хрушчоў, Молатаў – першыя асобы краіны. Не бай бог, напартачыш, нешта не так намалюеш, ці некаму не спадабаецца, можна было і непрыемнасці займець, калі не сказаць горай. Але неяк абышлося. У вызначаны тэрмін загад быў выкананы. А за мной замацавалася рэпутацыя добрага мастака. Сталі даваць мне іншыя заказы. Маляваў выдатнікаў баявой і палітычнай падрыхтоўкі, камандзіраў. Дзякуючы пампаліту часці, маёру Папрацінскаму, я паступіў завочна ўва Ўсесаюзны дом мастацкай творчасці і за час службы скончыў аддзяленне самадзейных мастакоў.

Быў выпадак, калі я вызначыўся і як скульптар. Зампаліт папрасіў мяне вылепіць невялікія барэльефы Леніна і Сталіна. Ён ведаў ужо, што я і ляпіць магу. Я вылепіў. Папрацінскі зайшоў, паглядзеў – падобныя. Пахваліў мяне і адпусціў. Потым толькі я даведаўся, што было далей. Аказваецца, у гэты дзень нашу часць наведваў камандзір дывізіі, генерал, двойчы Герой Савецкага Саюза Давід Абрамавіч Драгунскі. І Папрацінскі захацеў перад ім вызначыцца. І вось, як мне потым пераказалі, што генерал зайшоў у клуб і ўбачыў, як Папрацінскі “працуе” над барэльефамі. А той зрабіў выгляд, што нешта там дарабляе. Генерал пахваліў Папрацінскага, пагутарыў з ім і паехаў. Што было потым з тымі барэльефамі, і як Папрацінскі скарыстаў гэты выпадак, не ведаю, бо неўзабаве дэмабілізаваўся.

Пры гэтым мне ўменне маляваць саслужыла яшчэ адну службу. Мяне хацелі пакінуць на звыштэрміновую, але генерал Драгунскі, які бачыў мае малюнкі і нават меў свой партрэт маёй работы, распарадзіўся, каб мяне дэмабілізавалі: “Хай вучыцца. З яго выйдзе добры мастак”. Увосень 1954 года я ўжо ехаў дадому. Мне вельмі спадабалася Забайкалле, але, вядома, мне хацелася на радзіму.

Я ўдзячны арміі. Дзякуючы ёй я выхаваў свой характар, атрымаў добрыя жыццёвыя навыкі. Лічу, што кожны павінен паслужыць, прайсці праз службу ў арміі... Яна загартоўвае, робіць з юнака мужчыну”.

#беларусы_са_знакам_якасці

Выкарыстаныя дакументы:

1. Індывідуальнае фота Івана Міско падчас службы ў радах Савецкай Арміі.

2. Першая спроба ў скульптуры Івана Міско падчас службы ў Арміі.