27.03.2024

Прэзентацыя даведніка па фондах БДАМЛМ

26 сакавіка 2024 года адбылася прэзентацыя дзвюх новых кніг вядомых устаноў культуры Беларусі — Даведніка па фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) і першага музейнага каталога па калекцыі кніг з дарчымі надпісамі Якуба Коласа “Ад усяго сэрца, ад усёй душы” Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 60 чалавек: прадстаўнікі архіўных, музейных і бібліятэчных устаноў рэспублікі, студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, а таксама вучні гімназіі № 40 і школы № 142 г. Мінска.

З прывітальнымі словамі выступілі дырэктар архіва-музея Алена Аляксандраўна Макаранка і дырэктар мемарыяльнага музея Ірына Уладзіміраўна Мацяс.

Трэці выпуск Даведніка БДАМЛМ раскрывае змест і склад фондаў архіва-музея, якія паступілі і прайшлі навуковую апрацоўку ў 2010—2021 гг. Аб працы над ім распавялі аўтары-ўкладальнікі, ганаровыя архівісты Беларусі — Ганна Вячаславаўна Запартыка і Валянціна Ягораўна Данекіна.

Каталагізацыя музейных прадметаў — складаная праца ў сучаснай музейнай дзейнасці. Гэта немалаважны крок навуковага апісання калекцыі кніг з прысвячэннямі паэта, што беражліва захоўваюцца ў фондах музея Якуба Коласа. Аб гэтым распавяла галоўны захавальнік фондаў музея Васіліна Валер’евна Міцкевіч.

Прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Фёдаравіч Шумейка яшчэ раз падкрэсліў значнасць працы архіўных устаноў па стварэнні анатаваных даведнікаў, а таксама супрацоўніцтва, якое наладжана паміж архіўнымі, музейнымі і бібліятэчнымі ўстановамі.

Галерэя малюнкаў