12.09.2025

Выставачны праект БДАМЛМ і БДАКФФД “Песня — душа народа” сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь

11 верасня 2025 года адбылася прэзентацыя выставачнага праекта “Песня — душа народа”, падрыхтаванага Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ), Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (далей — БДАКФФД) сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.

 

«Песня – гэта душа народа, яго жывая гісторыя», – гэтыя словы належаць харавому дырыжору, кампазітару, педагогу, музыказнаўцу-фалькларысту, народнаму артысту БССР і СССР Рыгору Рамановічу Шырме (1892–1978).

У 1940 г. Г.Р.Шырма арганізаваў і ўзначаліў Беларускі ансамбль песні і танца, які цяпер носіць назву "Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Г. Шырмы". У 2025 г. калектыў адзначыў 85-гадовы юбілей.

Выставачная экспазіцыя складаецца з інфармацыйна-графічнай і прадметнай часткі. На планшэтах размешчаны QR-коды, дзякуючы якім наведвальнікі змогуць праслухаць запісы выступленняў капэлы з фондаў БДАКФФД. Аб жыцці і творчасці Г.Р.Шырмы і яго калектыва раскажуць экспанаты і архіўныя матэрыялы з фондаў БДАМЛМ і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: асабістыя рэчы, фатаграфіі і дакументы. Вялікая ўвага нададзена беларускай народнай музычнай культуры, якая стала асновай творчасці капэлы. У экспазіцыі таксама прадстаўлены матэрыялы са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Г.Шырмы і Беларускай дзяржаўнай філармоніі.