05.03.2026

Віртуальная выстава «Святло жаночай душы» на сайце БДАМЛМ

Віртуальная выстава «Святло жаночай душы» прысвячаецца Міжнароднаму жаночаму дню і Году беларускай жанчыны (2026).

У экспазіцыі прадстаўлены партрэты выдатных прадстаўніц культуры, мастацтва і літаратуры, чые імёны сталі сапраўдным гонарам нашай краіны. Кожны вобраз, захаваны на фотаздымках, перадае нам знешнюю прыгажосць творчых жанчын, за якой адкрываецца іх глыбокі ўнутраны свет і талент. Партрэты з’яўляюцца часткай багатых асабістых фондаў, якія беражліва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва як каштоўная спадчына беларускага народа. У позірках Алаізы Пашкевіч, Ларысы Александроўскай, Стэфаніі Станюты, Лідзіі Арабей і іншых славутых жанчын няўлоўна прысутнічаюць іх думкі і пачуцці, звязаныя як з канкрэтным перыядам у іх асабістым жыцці, так і з культурна-гістарычнымі падзеямі вакол іх. Выстава запрашае паразважаць пра самаадданасць жанчын, што прысвяцілі сваё жыццё культурнаму развіццю: літаратуры, тэатру, музыцы, грамадскай справе.

Жаночы талент і духоўная моц – важны чыннік беларускай культуры. Звяртаючыся да дзейнасці паэтак, пісьменніц, актрыс, балерын, мастачак праз архіўныя дакументы, мы не толькі ўшаноўваем памяць выдатных дзяячак, але і знаходзім у іх спадчыне натхненне для сябе і для будучых пакаленняў.

Спасылка на выставу