02.02.2024

Вечар памяці Лявона Баразны ў БДАМЛМ

16 сакавіка 1960 года падчас працы над раманам “Каласы пад сярпом тваім” Уладзімір Караткевіч напісаў у лісце Янку Брылю: “Я ведаю: трэба працаваць. Іншага для мяне бадай што і не дадзена. І не трэба чакаць ад жыцця немагчымага. Магчыма, гэта лёс паклаў на плечы якіх-небудзь трыццацёх людзей цяжар цэлага народа, каб даведацца, ці ёсць мяжа сілам чалавечым”. Лявон Баразна для многіх і быў адным з гэтых “трыццацёх людзей”, на якіх у пэўны час трымалася беларуская культура.

Менавіта таму 1 лютага 2024 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва прайшоў вечар памяці і адкрыццё выставы «Аратайнай душы чалавек…”, прысвечаных 95-годдзю з дня нараджэння мастака, этнографа і грамадскага дзеяча Лявона Баразны. На мерапрыемстве выступілі дочкі мастака, яго сябры і знаёмыя. Мерапрыемства наведалі каля 50-ці чалавек, сярод якіх вядомыя мастацвазнаўцы В.А. Лабачэўская і Н.М. Усава, мастакі М.М. Купава і Н.В. Пілюзіна, супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат фізіка-матэматычных навук М.У. Малько, аўтар дакументальнага фільма “Лявон Баразна. Адданае сэрца…” З.А. Іўчанка (https://www.youtube.com/watch?v=ci8jMoU1XO0), дызайнер і ўкладальнік альбома прац Лявона Баразны Мікола Аракчэеў і іншыя.

Галерэя малюнкаў