На адкрыцці канферэнцыі выступілі А.А.Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар; А.І.Лакотка, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар; І.В.Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; А.М.Дудзік, дырэктар Выдавецкага дома “Беларуская навука” і інш.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася і дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) А.А.Макаранка. У сваім выступленні яна падзякавала арганізатарам канферэнцыі, закранула праблему малой зацікаўленасці студэнтаў і магістрантаў-філолагаў у працы з дакументамі архіва-музея, выказала надзею на пашырэнне супрацоўніцтва паміж БДАМЛМ і інстытутамі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі.
Праблемнае поле канферэнцыі знайшло адлюстраванне ў рабоце такіх секцый як: “Творчая спадчына Кузьмы Чорнага ў літаратурным, філасофскім і сацыякультурным катэксце ХХ-ХХІ стст.”, “Нацыянальная літаратурная класіка: сучасныя аспекты вывучэння”, “Шматаспектнасць гуманітарных даследаванняў”, “Сучасны літаратурны працэс: перспектывы развіцця” і “Тэксталагічныя даследаванні творчай спадчыны Кузьмы Чорнага: традыцыі і наватарства”.