Народны мастак Беларусі Г.Г.Паплаўскі – уладальнік дзясяткаў сусветных і дзяржаўных узнагарод, яркі мастак-«шасцідзесятнік», адзін з першых аўтараў «суровага стылю», кніжны графік, аўтар, які аб'ехаў паўсвету і стварыў серыі работ аб сваіх падарожжах. Г.Г.Паплаўскі раскрываў мноства тэм. Адной з галоўных была тэма Вялікай Айчыннай вайны, шэраг работ былі прысвечаны космасу, беларускай гісторыі, сучаснасці, Чарнобыльскай катастрофе і інш.
Н.М.Паплаўская – мастак, графік, ілюстратар, суаўтар, муза і калега Георгія Георгіевіча, узнагароджана дыпломам і медалём Францыска Скарыны. Кніжная і станковая творчасць Наталлі Паплаўскай прысвечана фальклору, арыгінальнай культуры і прыродзе Беларусі, увасоблена ў казачна-паэтычнай інтэрпрэтацыі народнага побыту, аб’яднана тонкім пачуццём стылю.
У экспазіцыі “Замест тысячы слоў” прадстаўлены цыклы і асобныя станковыя работы прадстаўнікоў дынастыі выдатных мастакоў.
Падчас сустрэчы загадчыка аддзела работы архіваў арганізацый і фарміравання НАФ М.І.Пышынскай з К.Г.Паплаўскай была дасягнута дамоўленасць аб далейшым папаўненні Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспіблікі Беларусь дакументамі яе бацькоў.

