06.03.2026

Удзел БДАМЛМ у круглым стале да 130-годдзя К.Крапівы

5 сакавіка 2026 года ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Творчая спадчына Кандрата Крапівы: ўчора і сёння», прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка.

У працы круглага стала прыняла ўдзел загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Вера Валянцінаўна Біруля. Яна прадставіла мультымедыйную прэзентацыю «Дакументы Кандрата Крапівы ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва».

Падчас выступу В.В.Біруля адзначыла, што нягледзячы на адсутнасць асабісага фонду пісьменніка ў БДАМЛМ, хроніка яго жыцця і творчасці была адноўлена дзякуючы дакументам, што захоўваюцца ў фондах яго калег і паплечнікаў – вядомых беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў тэатра і мастацтва.

На сённяшні дзень сумарная колькасць выяўленых дакументаў у архіве складае звыш 500 адзінак. Сярод найбольш каштоўных матэрыялаў –  унікальныя рукапісы вершаў 1941 года, фотаздымкі розных гадоў з пленумаў і грамадскіх сустрэч, асабістае ліставанне з сынам Ігарам, дакументы, звязаныя з драматургічнай дзейнасцю класіка і інш.

Прадстаўленыя матэрыялы выклікалі вялікую цікавасць у навуковай супольнасці, паколькі яны дазваляюць па-новаму зірнуць на творчы шлях Кандрата Крапівы праз прызму яго асабістых і прафесійных сувязяў.

Круглы стол стаў важнай пляцоўкай для  дыялогу паміж архівістамі і літаратуразнаўцамі, дазволіўшы аб’яднаць намаганні ў справе захавання нацыянальнай памяці і папулярызацыі беларускай класікі.