У прэзентацыі гэтага маштабнага праекта прынялі ўдзел работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ).
Створаная экспазіцыя глыбока і метафарычна раскрывае тэму Вялікай Айчыннай вайны праз тры галоўныя сімвалічныя акорды эпохі: мужнасць, адзінства і перамогу. Пяць канцэптуальных раздзелаў праекта – “Дысананс 22.06”, “Рэквіем па Ленінградзе” (прысвечаны 85-годдзю з дня пачатку блакады Ленінграда), “Марш на перадавую”, “Асабістая сімфонія” і мастацкі блок “Прысвячэнне” – знаёмяць наведвальнікаў з дзейнасцю Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, франтавымі агітбрыгадамі, а таксама з маляўнічым адлюстраваннем музычнага подзвігу. Разам з матэрыяламі іншых вядучых устаноў культуры, БДАМЛМ прадаставіў для экспанавання на экспазіцыі дакументы са сваіх фондаў, якія дапоўнілі гістарычны летапіс музычнага жыцця краіны ў гады вайны.
У рамках цырымоніі адкрыцця перад гасцямі выступіла дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка. У сваім слове яна падкрэсліла нязменную значнасць музычнага мастацтва ў гады цяжкіх выпрабаванняў і звярнула асаблівую ўвагу на багатую дакументальную спадчыну беларускіх кампазітараў, якая беражліва захоўваецца ў фондах архіва-музея. Алена Аляксандраўна распавяла пра ўнікальныя архіўныя калекцыі беларускіх кампазітараў Анатоля Багатырова, Уладзіміра Алоўнікава, Генрыха Вагнера, Яўгена Цікоцкага, Льва Абеліёвіча і Мікалая Аладава. Гэтыя дакументы служаць надзейнай першакрыніцай для аднаўлення сапраўднай гісторыі стварэння легендарных музычных твораў, якія вялі народ да перамогі.
Рэалізацыя праекта “Сімфонія мужнасці і перамогі” падкрэсліла эфектыўнасць прафесійнага партнёрства БДАМЛМ і Музея гісторыі ВАВ, накіраванага на зберажэнне гістарычнай памяці і папулярызацыю музычнай спадчыны ваенных гадоў.

