27.05.2024

У БДАМЛМ прайшла навукова-практычная канферэнцыя «XXIV Узвышаўскія чытанні»

24 мая 2024 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылася навукова-практычная канферэнцыя “XXIV Узвышаўскія чытанні”, прысвечаная 90-годдзю Саюза пісьменнікаў Беларусі. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел даследчыкі, літаратурныя крытыкі, работнікі архіваў і музеяў, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.

Праца канферэнцыі прайшла ў адпаведнасці з храналагічна-тэматычным планам у рамках наступных праблемных палёў: эпоха “Узвышша” як феномен культурнага ўздыму; айчыннае літаратуразнаўства ў духоўным і сацыякультурным кантэксце ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў; нацыянальная літаратурная класіка: новыя даследаванні і адкрыцці; літаратурныя працэсы праз прызму журналістыкі; актуальныя пытанні агульнай, прыватнай і спецыяльнай тэорыі перакладу; мастацкі пераклад учора і сёння; Вялікая Айчынная вайна як аб’ект літаратурнага адлюстравання; пытанні захавання духоўнай спадчыны; актуальныя праблемы сучаснай гуманітарнай навукі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся: загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.П. Скок, якая адначасова выконвала і функцыю мадэратара мерапрыемства, а таксама ганаровы архівіст Беларусі А.В. Запартыка.

У працы пленарнага паседжання прынялі ўдзел:

  • дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук М.Ф. Шумейка з дакладам “Саюз пісьменнікаў Беларусі ў кантэксце грамадскіх аб’яднанняў гуманітарнага профілю”;
  • старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт І.Э. Багдановіч з дакладам “Жанр літаратурнага паслання ў творчасці паэтаў “Узвышша”;
  • ганаровы архівіст Беларусі Г.В. Запартыка з дакладам “А песня – ў сэрцы пакаленняў…” (Да гісторыі архіўнай спадчыны Паўлюка Труса);
  • вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт К.І. Рэмішэўскі з дакладам “Неизвестные страницы кинодокументалистики Великой Отечественной: белорусский кинохроникер Юлиан Довнер”;
  • вядучы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, кандыдат філалагічных навук, дацэнт М.П. Кенька з дакладам “Уладзімір Дубоўка – перакладчык санетаў Вільяма Шэкспіра”;
  • вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў А.І. Траццяк з дакладам “Голоса народных поэтов Беларуси – фонозаписи из фондов Белорусского государственного архива кинофотофонодокументов”.

Навуковая дыскусія ўдзельнікаў мерапрыемства працягнулася падчас працы секцыі “Айчыннае літаратуразнаўства і актуальныя праблемы сучаснай гуманітарнай навукі ў духоўным і сацыякультурным кантэксце”.

Па заканчэнні канферэнцыі дырэктарам БДАМЛМ А.А. Макаранка былі падведзены яе вынікі і ўручаны падзячныя пісьмы асобным удзельнікам мерапрыемства: А.У. Запартыка, М.Ф. Шумейка, К.І. Рамішэўскаму.

Галерэя малюнкаў