07.04.2026

Светлай памяці Анатоля Леанідавіча Вераб’я

Калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Анатоля Леанідавіча Вераб’я – выбітнага беларускага крытыка і літаратуразнаўца.  Развітанне з ім адбылося 7 красавіка 2026 года.

Анатоль Леанідавіч пакінуў значны след у айчыннай філалогіі. Шмат гадоў свайго жыцця ён прысвяціў выкладанню на філалагічным факультэце БДУ. Асаблівай старонкай яго дзейнасці стаў клопат пра спадчыну Уладзіміра Караткевіча: менавіта дзякуючы яго намаганням і навуковаму кіраўніцтву пабачыў свет фундаментальны збор твораў класіка.

Для нашага архіва-музея Анатоль Леанідавіч быў не проста даследчыкам, але і сапраўдным сябрам, які шчыра дбаў пра захаванне літаратурнай памяці краіны. Яго прафесіяналізм, інтэлігентнасць і адданасць справе назаўжды застануцца прыкладам для калег і вучняў.

Светлая памяць пра вучонага і чалавека будзе жыць у яго кнігах і нашых сэрцах.