Займальная шматвяковая гісторыя будынка, дзе цяпер знаходзяцца архівы заўсёды вабіць. Унутры інтэр'ер касцёла яшчэ з пачатку 1960-х гг. падзелены перакрыццямі на 5 паверхаў. У інтэр'еры страчаны цыліндрычны звод над цэнтральным нефам – найвышэйшай часткай касцёла. Не захаваўся дэкор і жывапіс 9 алтароў, за выключэннем лепкі капітэляў, пілястраў і слупоў. У бакавых нефах ацалелі крыжавыя скляпенні, а ў тоўстай сцяне галоўнага фасада – вітыя лесвіцы (іх можна ўбачыць праз невялікія круглыя акенцы гэтых лесвічных пралётаў злева і справа ад уваходных дзвярэй у архівы). Менавіта па гэтай ацалелай частцы і было арганізавана экскурсійнае суправаджэнне.
Архівісты прайшліся па вітых лесвіцах, вывучылі стыль пабудовы і іншыя ўнікальныя артэфакты. Дзякуючы цікавым расказам і ўспамінам супрацоўнікаў архіваў, кожны ўдзельнік змог пагрузіцца ў займальны свет гісторыі.
Здавалася, быццам дух бернандынцаў, якія ўвесь час імкнуліся да ведаў (пры касцёле размяшчаліся школа і бібліятэка), і сёння быў побач. Як і раней, у наш час навукоўцы і даследчыкі па ўсім свеце працягваюць шукаць новыя веды, пашыраць межы чалавечай думкі і адкрываць новыя магчымасці.
Архівісты Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі маюць доступ да шырокай інфармацыі, якая дазваляе абменьвацца ведамі, развіваць новыя ідэі і пастаянна ствараць нешта новае. У гэтым сэнсе дух бернандзінцаў – гэта дух не толькі мінулага, але і сучаснасці, які жыве ў кожным з нас, які імкнецца да ведаў і прагрэсу.