24 сакавіка 2026 года ў рамках акцыі «Архівы – школе» ў ДУА «Сярэдняя школа № 4 г.Мінска» адбылося сумеснае мерапрыемства Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) і школы, прысвечанае году беларускай жанчыны.
Урачыстае адкрыццё суправаджалася цёплымі словамі дырэктара архіва-музея Алены Аляксандраўны Макаранка, якая падкрэсліла значэнне захавання памяці пра выдатных беларускіх жанчын і важнасць іх укладу ў нацыянальную культуру.
Галоўнай часткай сустрэчы стала прэзентацыя віртуальнай выставы «Святло жаночай душы», якую прадставіла загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Вера Валянцінаўна Біруля. Гэтая экспазіцыя, што складаецца з фотапартрэтаў славутых жанчын Беларусі – Алаізы Пашкевіч, Ларысы Александроўскай, Стэфаніі Станюты, Лідзіі Арабей і шматлікіх іншых, — уяўляе сабой каштоўную частку асабістых фондаў, якія захоўваюцца ў архіве-музеі. Кожны вобраз, захаваны на здымках, адкрывае не толькі знешнюю прыгажосць, але і глыбокі ўнутраны свет, талент і духоўную моц выдатных беларускіх прадстаўніц культуры, мастацтва і літаратуры.
У сваю чаргу настаўнікі і вучні школы падрыхтавалі ўрачысты канцэрт, прысвечаны беларускім жанчынам. На сцэне гучалі музычныя нумары ў выкананні скрыпкі, фартэпіяна і цымбалаў, дэкламаваліся вершы, выконваліся вакальныя кампазіцыі. Творчыя нумары, напоўненыя любоўю і павагай, дапоўнілі атмасферу свята і падкрэслілі значную ролю жанчыны ў беларускай культуры.
Сумеснае мерапрыемства архіва-музея і школы выклікала вялікую цікавасць і было асветлена карэспандэнтамі інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, прэс-цэнтра «Дома прэсы», інфармацыйна-аналітычнага партала саюзных дзяржаў.
Гэтая сустрэча стала цудоўнай магчымасцю для школьнікаў паглыбіцца ў гісторыю роднай культуры, адчуць гонар за выдатных жанчын Беларусі і натхніцца іх жыццёвым прыкладам.

