20 сакавіка 2026 года на XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе—кірмашы адбылася прэзентацыя выдання Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) “Скарбніца нацыянальнай літаратуры i мастацтва”.
Скарбніца, надрукаваная ў 2025 г., прадстаўляе найбольш цікавыя і рэдкія дакументы і музейныя прадметы, што захоўваюцца ў БДАМЛМ. Сярод іх – аўтографы з калекцыі А.К.Ельскага, рукапісны варыянт часопіса “Гоман”, рукапісы, фатаздымкі і прадметы аддзела рукапісаў беларускага музея Івана Луцкевіча ў Вільні, шматлікія візуальныя, эпісталярныя і творчыя крыніцы з фондаў беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, рэжысёраў і актораў.
Першае выданне “Скарбніцы” убачыла свет у 2010 г. і хутка ператварылася ў букіністычны рарытэт. Другое выданне было істотна перапрацавана. У яго былі дададзены дакументы прадстаўнікоў кінамастацтва, нотныя рукапісы, эскізы, пашыраны спіс пісьменнікаў і мастакоў, чые матэрыялы ўзбагачаюць агульнае ўяўленне аб дзеячах беларускай культуры двух мінулых стагоддзяў.
У прэзентацыі прынялі ўдзел аўтары-укладальнікі А.А.Макаранка, Т.В.Кекелева, В.В.Біруля, рэдакцыйная калегія выдання, а таксама спецыяльна запрошаныя госці, спецыялісты па гісторыі архівазнаўства, літаратуры і мастацтва – пісьменнік У.С.Ліпскі, прафесар БДУ М.Ф. Шумейка, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея А.В.Трафімчык.
Падчас свайго выступлення аўтар-укладальнік і дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка адзначыла, што “Скарбніца” адлюстроўвае плённую працу некалькі пакаленняў работнікаў архіва-музея, распавяла пра сучасны стан БДАМЛМ, які адзначыў у 2025 г. сваё 65-годдзе, і запрасіла творчых асоб і даследчыкаў далучацца да шэрагаў яго карыстальнікаў.
Прэзентацыя не засталася па-за ўвагай прэсы. З паведамленнем агенцтва навін БЕЛТА “Кнігу аб фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва прэзентавалі ў Мінску” можна пазнаёміцца па адрасе https://belta.by/society/view/knigu-o-fondah-belorusskogo-gosudarstvennogo-arhiva-muzeja-literatury-i-iskusstva-prezentovali-v-minske-770899-2026/

