02.04.2026

Работнікі БДАМЛМ павіншавалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча з 45-годдзем

1 красавіка 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прынялі ўдзел ва ўрачыстым юбілейным мерапрыемстве з нагоды 45-годдзя заснавання Літаратурнага музея Максіма Багдановіча –  даўняга партнёра архіва-музея. У рамках святкавання адбылася прэзентацыя выставы «Музей – гэта мы».

Гісторыю стварэння і станаўлення музея, які распачаў сваю дзейнасць 1 красавіка 1981 года, распавялі яго загадчык Міхаіл Бараноўскі і вядучы навуковы супрацоўнік Ірына Мышкавец. Многія рэчы, звязаныя з Максімам Багдановічам на той час ужо патрапілі ў сховішчы іншых устаноў Беларусі і замежжа або знаходзіліся ў прыватных сямейных калекцыях. Таму пошук і збіранне матэрыялаў зрабіліся галоўнымі кірункамі дзейнасці музея. Дзякуючы самаадданай працы навуковых супрацоўнікаў, а таксама плённаму ўзаемадзеянню са сваякамі, навукоўцамі, пісьменнікамі і аматарамі-энтузіястамі, за сваю 45-гадовую гісторыю фонды музея папоўніліся самымі разнастайнымі музейнымі прадметамі, агульная колькасць якіх на дадзены момант складае больш за 22 000 адзінак.

Павіншаваць калег сабраліся прадстаўнікі музейных і архіўных устаноў Беларусі. Вядучы архівіст БДАМЛМ Наталля Мізон у сваім прывітальным слове распавяла пра шматгадовае супрацоўніцтва і паспяховыя праекты, рэалізаваныя разам з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.

Куратар выставы «Музей – гэта мы» Ірына Мышкавец прадставіла экспазіцыю, прысвечаную неацэннай ролі фондаўтваральнікаў музея. Гэта тыя знакавыя людзі, хто цягам больш як чатырох дзесяцігоддзяў спрычыніўся да пачэснай справы папаўнення музейнай скарбніцы. Сярод іх – Ніна Ватацы, Анастасія, Аркадзь і Максім Бараховічы, Наталля Кунцэвіч, Мікалай Гразноў, Ніна Дзябольская, Мікалай Лілееў, Віталь Моос, Людвіка Сівіцкая, Міхась Пазнякоў. На выставе можна ўбачыць іх партрэты і ўнікальныя рэчы, якія былі імі перададзены ў музей на захаванне.

Юбілей Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і прэзентацыя выставы «Музей – гэта мы» сталі яркім сведчаннем таго, што памяць пра вялікіх творцаў жыве і памнажаецца дзякуючы самаадданай працы захавальнікаў. Шчыра віншуем калег з юбілеем і жадаем далейшых поспехаў у справе захавання нацыянальнай культурнай спадчыны!

Галерэя малюнкаў