25.02.2025

Прэзентацыя выставы “Жыццё. З такімі хітрымі вачыма…” да 90-годдзя Рыгора Барадуліна ў БДАМЛМ

24 лютага 2025 года, у дзень 90-годдзя народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна,  Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прэзентаваў літаратурна-дакументальную выставу “Жыццё. З такімі хітрымі вачыма…”.

 

На мерапрыемства прыйшлі прыхільнікі творчасці Барадуліна, навучэнцы, даследчыкі, літаратуразнаўцы і яго сябры. Перад прысутнымі з прывітальным словам выступіла дырэктар БДАМЛМ Алена Аляксандраўна Макаранка.

Куратар выставы вядучы архівіст Наталля Мізон зрабіла акцэнт на канцэпцыі выставы – падабраныя дакументы паказваюць асобу вядомага паэта як у культурным кантэксце грамадства адпаведнага часу, так і праз філасофію яго стасункаў з сям’ёй і сябрамі.

Запрошаныя выступоўцы распавялі пра тое, што іх злучала з Рыгорам Іванавічам. Даследчыца сямейнага архіва Барадуліных Наталля Давыдзенка расказала, як ішла шматгадовая праца па выданні “Дзённікаў і запісаў” паэта і перадала ў фонды БДАМЛМ нядаўна выдадзеную кнігу “Пястачкі”, а таксама падрыхтоўчыя матэрыялы да яе. Журналіст, фотакарэспандэнт, даследчык літаратуры Сяргей Шапран падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра сустрэчы з народным паэтам. Галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран прадставіла публіцы новыя даследаванні аб жыццядзейнасці і творчасці Р.І. Барадуліна, якія падрыхтаваў лютаўскі выпуск часопіса да 90-годдзя  паэта.

Мерапрыемства аздобілі песні на вершы Рыгора Барадуліна ў выкананні барда Алеся Камоцкага, сябра паэта, і рэжысёра Цэнтра студэнцкай творчасці, кіраўніка народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”  Алесі Сівохінай. Удзельнікі  мерапрыемства паспрабавалі аднавіць няўлоўны свет пачуццяў і настрояў, якімі жыў вядомы паэт.

Фотаздымкі з мерапрыемства прадастаўлены фатографам, заслужаным журналістам Беларусі Юрыем Івановым.

Галерэя малюнкаў