24.11.2023

Прэзентацыя альманаха “Аўтограф”

23 лістапада 2023 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва быў прэзентаваны 4-ы выпуск альманаха “Аўтограф” – друкаванага органа установы, – у які ўвайшлі матэрыялы ХХІІ Узвышаўскіх і ХХ Архіўных чытанняў. Сімвалічны і час выхаду ў свет альманаха, калі культурная грамадскасць адзначае 100-годдзе першага літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Падзяліць радасць архівістаў прыйшлі калегі і ўсе зацікаўленыя: навукоўцы, музеязнаўцы, выкладчыкі.

Дырэктар архіва-музея А. А. Макаранка прадставіла прысутным альманах “Аўтограф” і запрасіла да выступлення аўтарытэтных выступоўцаў: Заслужанага архівіста Беларусі, аўтара ідэі і арганізатара правядзення Узвышаўскіх і Архіўных чытанняў – Г. В. Запартыка; прафесара кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, шматгадовага ўдзельніка архіўных канферэнцый – М. Ф.  Шумейку; дацэнта БДУКіМ, сталага даследчыка фондаў БДАМЛМ – А. Я. Паўлаву. Выступоўцы падкрэслілі грунтоўнасць работы па падрыхтоўцы і выданні зборніка, праведзенай архівістамі БДАМЛМ, а таксама звярнулі ўвагу на тэматычную разнапланавасць прадстаўленых публікацый і ўвядзенне ў навуковы зварот новых тэм, распрацаваных даследчыкамі на падставе архіўных дакументаў.

4 выпуск альманаха “Аўтограф” будзе прадстаўлены на сайце БДАМЛМ.

Галерэя малюнкаў