Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа

Навукова-творчая ініцыятыва “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа” — архіўная кансультацыйная і даследчая структура, прызначаная для садзейнічання выяўленню, захаванню, апісанню, вывучэнню і папулярызацыі дакументальнай спадчыны беларускага замежжа на базе Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Цэнтр быў заснаваны 16 чэрвеня 2014 г. Стварэньне яго звязана з неабходнасцю сістэматычнага збірання дакументаў, друкаў, артэфактаў, што ствараліся і ствараюцца беларусамі па-за межамі метраполіі. Калі раней функцыі такога збірання ў пэўнай ступені выконвалі эміграцыйныя ўстановы на Захадзе, як, прыкладам, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лондане, або Цэнтр Ф. Скарыны ў Мінску, дык цяпер, з пашырэннем геаграфіі беларускіх дыяспар, сістэматычнага мэтанакіраванага збірання даробку замежных суайчыннікаў не вядзецца. У выніку, каштоўная частка беларускай культурнай спадчыны губляецца для сучасных і будучых даследчыкаў.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у БДАМЛіМ ужо ішло паступовае збіранне замежнай беларусікі. Свае архіўныя зборы сюды перадалі вядомыя дзеячы замежжа Масей Сяднёў, Алесь Алехнік, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель. У красавіку 2014 г. у архіў была перададзеная вялікая калекцыя дакументаў згаданага ўжо вышэй Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Такім чынам, новаствораны Цэнтр мае добрую базу для сваёй дзейнасці.


Асноўнымі задачамі Цэнтра з’яўляюцца:

  1. выяўленне беларускіх дакументаў у замежных архівах, музеях і бібліятэках, зборах арганізацый беларускага замежжа, а таксама прыватных асобаў;
  2. арганізацыя камплектавання і стварэнне архіўных фондаў беларускіх грамадска-культурных арганізацый замежжа і дзеячаў беларускіх дыяспар у складзе Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва;
  3. навуковае апісанне дакументальнай спадчыны беларускага замежжа ў межах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва;
  4. садзейнічанне захаванню дакументальнай спадчыны беларускага замежжа;
  5. спрыянне навуковаму вывучэнню дакументальнай спадчыны беларускага замежжа;
  6. папулярызацыя ў беларускім грамадстве ведаў пра дзейнасць беларускіх арганізацый за мяжой, выдатных асоб беларускага паходжання.

У адпаведнасці са сваімі задачамі Цэнтр:

  1. збірае звесткі пра дакументальную спадчыну беларускага замежжа ў прыватных, грамадскіх і дзяржаўных калекцыях у Беларусі і за яе межамі;
  2. камплектуе і ажыццяўляе экспертызу каштоўнасці дакументальнай спадчыны беларускага замежжа ў межах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва;
  3. ажыццяўляе навуковае апісанне дакументальнай спадчыны беларускага замежжа ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва;
  4. забяспечвае захаванне дакументальнай спадчыны беларускага замежжа;
  5. пашырае інфармацыю пра калекцыі дакументаў беларускага замежжа ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва;
  6. ажыццяўляе кансультацыі зацікаўленых асобаў і арганізацый па пытаннях перадачы на захаванне, апісання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа;
  7. спрыяе выяўленню і даследаванню дакументаў беларускага замежжа;
  8. садзейнічае публікацыі дакументаў і даследаванняў па тэматыцы беларускага замежжа;
  9. арганізуе дзейнасць па папулярызацыі звестак пра дакументальную спадчыну беларускага замежжа ў сродках масавай інфармацыі.

Сёння надзвычай важным з’яўляецца збіранне дакументаў і друкаў дзеючых арганізацый і суполак, а таксама захаванне архіваў дзеячаў далёкага і блізкага замежжа. Таму Цэнтр запрашае да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых асобаў і арганізацый як за мяжой, так і ў Беларусі, каб не даць знікнуць багатай спадчыне беларускага замежжа.


Кантакты:

Адрас: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, 220030, Мінск, вул. Кірылы і Мяфодзія, 4.

Тэл.: +375 (17) 316-47-81, +375 (17) 373-14-00

Факс: +375 (17) 373-14-00

E-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. або Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.