06.02.2026

“Летапіс жыцця і праўды”: БДАМЛМ прэзентаваў выставу да 105-годдзя Івана Мележа ў Міністэрстве юстыцыі

5 лютага Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прэзентаваў літаратурна-дакументальную выставу “Летапіс жыцця і праўды”, прысвечаную 105-годдзю з дня нараджэння выдатнага майстра слова, народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў сценах Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Куратар выставы вядучы архівіст БДАМЛМ Наталля Мізон пракаментавала адабараныя матэрыялы, расказала, па якім прынцыпе яны сістэматэзаваны, каб прадставіць найбольш поўны і яркі вобраз выбітнага пісьменніка.

Творы Івана Мележа глыбока прасякнуты праўдай жыцця, адлюстроўваюць складаныя перыяды гісторыі, моц чалавечага духу і непахісную веру ў ідэалы, што робіць яго творчасць актуальнай для любой сферы грамадскага жыцця. Выстаўка “Летапіс жыцця і праўды” дазваляе пазнаёміцца са светам пісьменніка, адкрыць для сябе невядомыя старонкі яго біяграфіі і творчасці праз прызму ўнікальных архіўных дакументаў.

Экспазіцыя падрыхтавана на аснове багатых фондаў БДАМЛМ і прадстаўляе дакументы біяграфічнага характару, сярод якіх фатаграфіі і пісьмы, што раскрываюць важныя моманты жыцця Івана Паўлавіча і яго светапогляд як асобы і творцы. Асаблівую цікавасць выклікаюць матэрыялы, звязаныя з яго ўдзелам у Вялікай Айчыннай вайне. Адным з цэнтральных элементаў экспазіцыі з’яўляюцца творчыя дакументы, у прыватнасці, рукапісы легендарнага рамана “Людзі на балоце” – твора, які стаў класікай беларускай літаратуры. Тут можна ўбачыць аўтарскія праўкі і нататкі, якія сведчаць аб карпатлівай працы над тэкстам. Дапоўнена выстава фатаграфіямі са здымачных пляцовак аднайменнага тэлеспектакля “Людзі на балоце”.

Выстаўка “Летапіс жыцця і праўды” – цудоўная магчымасць для аматараў беларускай літаратуры дакрануцца да жывой гісторыі, аддаць даніну памяці і павагі Івану Мележу, чыя спадчына працягвае натхняць новыя пакаленні.