З прывітальным словам і расповядам пра работу архівістаў у справе захавання і вывучэння дакументальнай спадчыны пісьменніка выступіла дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка.
Куратар выставы вядучы архівіст Н.А.Мізон пазнаёміла прысутных з экспануемымі дакументамі, звярнула ўвагу на самыя каштоўныя з іх і расказала, як афіцыйныя дакументы (пратаколы сходаў, даведкі, лісты ў арганізацыі і ўстановы, анкеты), што рэгламентуюць і фіксуюць жыццё ў грамадстве, кантрастуюць з творчымі дакументамі (рукапісамі вершаў і раманаў, лістамі да блізкіх людзей, малюнкамі У.Караткевіча і яго сяброў, сямейнымі фотаздымкамі). Абодва кластэры дакументаў у багатай колькасці прадстаўлены ў БДАМЛМ і дапамагаюць у даследаванні жыццёвага і творчага шляху пісьменніка.
Дацэнт кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ Л.В.Алейнік распавяла пра літаратуразнаўчы аспект у вывучэнні творчасці У.Караткевіча, прывяла цікавыя факты з жыцця сваёй сям’і, паказаўшы фотаздымак нарады маладых пісьменнікаў у 1957 г., дзе яе бацька В.Дайліда прысутнічаў разам з У.Караткевічам. Падчас выступлення Л.В.Алейнік студэнтаў-філолагаў зацікавіла абмеркаванне прысутнымі на круглым стале навукоўцамі праблемы гістарычнай праўды і мастацкага вымыслу ў творах У.Караткевіча і іншых пісьменнікаў.
Загадчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, прафесар С.М.Ходзін зрабіў даклад на тэму генацыду беларускага народу ў Вялікай Айчыннай вайне і прачытаў вершы У.Караткевіча на гэту тэму.
Літаратуразнавец П.П.Жаўняровіч распавёў пра вялікі аб’ём дакументаў у спадчыне Караткевіча і іх пошук спецыялістамі ў прыватных архівах Беларусі і за яе межамі і заклікаў маладых, у тым ліку прысутных студэнтаў-філолагаў, далучыцца да гэтай важнай справы, каб папоўніць персанальны фонд У.Караткевіча ў БДАМЛМ, а таксама фонды літаратурных музеяў і бібліятэкі НАН Рэспублікі Беларусь. Прыемным для арганізатараў выставы стаў той факт, што знаўца спадчыны У.Караткевіча, рэдактар збору твораў пісьменніка (нядаўна выйшаў 22 том) П.П.Жаўняровіч асабліва зацікавіўся двума дакументамі – лістом У.Караткевіча да У.Калесніка і лістом У.Караткевіча да літаратурнага крытыка А.Макарава (г. Масква), пра якія даследчык не ведаў, і іх яшчэ чакае ўключэнне ў збор твораў.
Ганаровы архівіст Г.В.Запартыка распавяла пра фарміраванне фонда № 56 У.С.Караткевіча і прывяла ў прыклад выпадак, як сам пісьменнік у арыгінальнай і метафарычнай форме пісаў заяву ў архіў з нагоды здачы дакументаў у будучы фонд.
Дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання БДУ А.І.Марозава выступіла з аналізам дзейнасці У.Караткевіча як сцэнарыста і прывяла прыклады шматлікіх праграм на беларускім тэлебачанні, у вытокаў якіх стаяў Уладзімір Сямёнавіч.
Паэт, пісьменнік, радыё- і тэлежурналіст, вядоўца аўтарскіх праграм Н.Я.Гальпяровіч расказаў, як кнігі У.Караткевіча паўплывалі на яго ў маладым узросце і вырашылі далейшы жыццёвы і творчы лёс. Прыведзеныя Навумам Якаўлевічам цікавыя гісторыі з асабістага знаёмства з Уладзімірам Сямёнавічам былі прыемным паэтычным акордам у завяршэнні ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага 95-годдзю У.С.Караткевіча. Навум Гальпяровіч сказаў: “Я – прадукт Караткевіча. Уся мая сям’я – прадукт Караткевіча...
Караткевіч – сімвал, настаўнік. Ён даў беларусам мару! Людзям патрэбны высокія міфы, высокія паняцці, каб падняцца над гэтай грэшнай зямлёй. Караткевіч падняў нас над грэшнай зямлёй і зрабіў людзьмі”.

