13.06.2024

Круглы стол “Васіль Быкаў. Шляхі і перспектывы даследавання і інтэрпрэтацыі творчасці: Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі” ў БДАМЛМ

12 чэрвеня 2024 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыўся круглы стол “Васіль Быкаў. Шляхі і перспектывы даследавання і інтэрпрэтацыі творчасці: Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі”, арганізаваны сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і штомесячным навуковым і метадычным часопісам “Роднае слова”.

Мадэратарамі мерапрыемства сталі дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва А.Я. Макаранка і галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Н.М. Шапран.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” А.М.Карлюкевіч прэзентаваў зборнік “Выбраных твараў Васіля Быкава: для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту” і перадаў яго ў бібліятэчны фонд Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Акрамя таго, у рабоце круглага стала прынялі ўдзел А.І.Чарота (намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”), В.І. Караткевіч (загадчык сектара суправаджэння Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Акадэміі адукацыі), М.В. Трус (кандыдат філалагічны навук, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі), С.У. Шапран (даследчык беларускай літаратуры, біёграф В. Быкава), Л.П. Саянкова-Мельніцкая (доктар філалагічных навук, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ), І.Р. Князева (старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры), Н.В. Трафімчык (вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь).

На круглым стале абмяркоўваліся розныя аспекты жыцця і творчасці Васіля Быкава, яго ўклад у беларускую літаратуру і культуру. Навукоўцы, крытыкі, даследчыкі і прыхільнікі творчасці пісьменніка абмяняліся думкамі аб значнасці яго твораў, іх актуальнасці ў сучасным свеце, даследавалі невядомыя аспекты жыцця і творчасці Васіля Быкава.

У рамках круглага стала былі прадстаўлены новыя даследаванні, аналітычныя працы, артыкулы і публікацыі пра Васіля Быкава. Удзельнікі абмеркавалі навуковыя падыходы да даследавання яго твораў, розныя метадалогіі інтэрпрэтацыі і аналізу тэкстаў, пытанні захавання спадчыны пісьменніка, яго месца ў гісторыі і культуры Беларусі і за яе межамі.

На мерапрыемстве таксама прайшло афіцыйнае адкрыццё выставы “Сам-насам з вечнасцю” да 100-гадовага юбілею пісьменніка. На ёй прадстаўлены ўнікальныя экспанаты з асабістага архіва пісьменніка, уключаючы рукапісы яго твораў, фатаграфіі, кнігі.

“Выстава прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Мы прадставілі на ёй дакументы, якія складаюць аснову фонду пісьменніка, які папаўняўся некалькі разоў. Пачыналася ўсё з таго, што сам Васіль Уладзіміравіч прынёс у архіў-музей свае дакументы ў 1970 і 1981 гадах і стварыў аснову для гэтага фонду. Пазней дакументы траплялі сюды праз яго родных і даследчыкаў. Тое, што можна ўбачыць на выставе, – гэта асноўная выцісканка з падраздзелаў фонду: дакументы, звязаныя з яго аўтабіяграфіяй, выступленне перад саюзам пісьменнікаў, рукапісы, машынапісныя лісты з рукапіснымі праўкамі, перапіскі з калегамі, карэспандэнцыя, якую ён атрымліваў з усіх куткоў СССР, розныя водгукі чытачоў”, – распавяла вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Аляксандраўна Мізон.

Удзельнікі змаглі пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Васіля Быкава яшчэ глыбей, усвядоміць уклад у беларускую літаратуру і культуру.

С.У. Шапран перадаў частку дакументаў гродзенскага архіва В. Быкава Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва і выказаў надзеі на перадачу ўсіх матэрыялаў у бліжэйшы час. Гэты працэс сведчыць аб імкненні захаваць памяць аб выдатных асобах і падзеях для будучых пакаленняў і даследчыкаў. Перадача дакументаў таксама спрыяе пашырэнню навукова-даследчай працы і папулярызацыі літаратурнай спадчыны Васіля Быкава.

Круглы стол і адкрыццё выставы сталі важнымі падзеямі для даследчыкаў літаратуры, культуры Беларусі, а таксама для ўсіх, хто шануе творчасць Васіля Быкава і хоча паглыбіць сваё разуменне яго твораў.

Правядзенне круглага стала асвятліла найбуйнейшае інфармагенцтва Беларусі “БЕЛТА”штодзённая грамадска-палітычная газета “Комсомольская правда”, газета "Звязда".

Галерэя малюнкаў