08.05.2024

“Гэта не павінна паўтарыцца”: вайна і лёс воіна

Напярэдадні 9 мая і святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы з удзячнасцю ўспамінаем тых, хто здабываў Перамогу.

Сімвалічны, поўны глыбокага сэнсу здымак  Міхаіла Пятровіча Ананьіна “Пракляцце вайне” (Другая назва – “Гэта не павінна паўтарыцца”) (фота 1) у 60-я гады ХХ стагоддзя абыйшоў многія выданні,  быў адзначаны дыпломам  першай ступені на Усесаюзнай мастацкай фотавыставе, а на міжнароднай выставе "Interpress Photo" у 1962 годзе ў Будапешце ўдастоены бронзавага медаля.  Чаму ён выклікаў такую ўвагу і цікавасць? Справа ў тым, што якраз у гэтыя гады дзякуючы пошукам рускага пісьменніка Сяргея Смірнова стала вядома пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці.  Калі ў 1961 годзе адзначалася 20-годдзе гераічнай абароны крэпасці,  фотакарэспандэнт  Беларускага тэлеграфнага агенцтва Міхаіл Пятровіч Ананьін (1912-1991) зрабіў здымак, поўны глыбокага сэнсу, які прымушае гледача перажыць сапраўднае душэўнае хваляванне. Ён сфатаграфаваў групу былых абаронцаў крэпасці, аднапалчан са 125-га стралковага палка на тым самым месцы, дзе яны змагаліся ў 1941 годзе. На першым плане чалавек,  прыгнечаны цяжкімі ўспамінамі, які зноў перажывае тыя страшныя дні. Гэта былы сяржант, а пасля доктар біялагічных навук Уладзімір Іванавіч Фурсаў.

Пра гэты здымак нагадваюць матэрыялы з фонду Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, якія належаць пісьменніку Эдуарду Мартынавічу Скобелеву (1935-2017). Ён пісаў не толькі мастацкія, але і публіцыстычныя творы. Як можна зразумець па матэрыялах фонду, пісьменніка зацікавіла асоба фотажурналіста. Яго жыццёвы шлях быў надзвычай пакручасты,  багаты падзеямі. 

Вось што пісаў пра яго Сяргей Смірноў у другим выданні сваёй кнігі “Брэсцкая крэпасць”:  “Яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны  Міхаіл Пятровіч Ананьін быў фотакарэспандэнтам «Камсамольскай праўды». З самага яе пачатку –  ваенны карэспандэнт на Заходнім фронце.   У кастрычніку 41-га пад Вязьмай быў паранены. У рэдакцыі палічылі, што ён загінуў, адправілі родным “пахаронку”. Але Ананьін выжыў. Патрапіў у лагер для ваеннапалонных. Паспрабаваў уцячы. Сам Міхась Пятровіч бегчы не мог – таварышы вынеслі яго на плашч-палатцы. Пры спробе прарыву каля Гжацка  (цяпер г. Гагарын) ён зноў трапляе ў рукі ворага і аказваецца ў мінскім канцлагеры. Але Ананьіну   ўдалося ўцячы. У лагеры таварышы далі яму надзейны адрас для сувязі з мінскімі падпольшчыкамі.  Ацаніўшы выдатныя арганізатарскія здольнасці і смеласць, яму даверылі кіраўніцтва  групай. Міхаіл Пятровіч, прайшоўшы найцяжэйшыя выпрабаванні, здолеў захаваць журналісцкае пасведчанне і партыйны білет (зашыў у пас штаноў), што ў тых умовах было сапраўдным подзвігам. Падпольная група Ананьіна была звязана з партызанскім атрадам імя Варашылава, забяспечвала партызан адзеннем, абуткам, зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, харчаваннем. Увесну 1943 года Міхась Ананьін вяртаецца ў атрад, прызначаецца палітруком роты і парторгам атрада імя Варашылава. І тут ён не толькі адважна ваюе (фота 2), удзельнічае ў буйных баявых аперацыях, знішчае ворага са снайперскай вінтоўкі, але і застаецца журналістам – арганізуе выпуск брыгаднага часопіса «Народный мститель», які цяпер захоўваецца ў Мінскам музеі Вялікай Айчыннай вайны. Улетку 1943 года Міхась Пятровіч пасылае вестку на «Вялікую зямлю» у рэдакцыю «Камсамольскай праўды».  І 8 жніўня з рэдакцыі ў Свярдлоўск была адпраўлена тэлеграма: "Віншуем, ваш муж жывы". Нястомны фотарэпарцёр пабываў са сваёй камерай у многіх кутках СССР, такіх як Урал, Сярэдняя Азія, Казахстан, Украіна і, вядома, Беларусь і Мінск, якая стала яго домам. Міхаіл Пятровіч Ананьін шмат працаваў. Выдавецтвам "Беларусь" былі выпушчаны кнігі з фатаграфіямі Ананьіна: "Хатынь", "Брэсцкая крэпасць", "Белавежская пушча", "У імя жыцця", манаграфія "У аб'ектыве жыццё" і многія іншыя”.

Не дзіва, што біяграфія рэпарцёра зацікавіла Эдуарда Мартынавіча Скобелева. Ён пачаў збіраць матэрыялы пра гэтага чалавека, лёс якога быў так цесна звязаны з Беларуссю.  Сярод іх фотаздымкі, нарысы, фотакопіі дыпломаў, ганаровых грамат. Скобелеў адшукаў таксама дакументы падпольнай групы, якой кіраваў Ананьін. З гэтых матэрыялаў магла атрымацца выдатная кніга. На жаль, напісаць яе Эдуард Мартынавіч не паспеў. А здымак сваёй назвай і зместам і сёння нагадвае нам, што не павінна паўтарыцца вайна.

Паведамленне падрыхтавана на падставе матэрыялу:

“Михаил Петрович Ананьин” / Музей Российской Фотографии [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://mrf.museumart.ru/collection/mixail-ananin. – Дата доступа: 08.05.2024.

Кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва сардэчна віншуе супрацоўнікаў і ўсіх, хто карыстаецца яго фондамі, са святам Перамогі і жадае здароў’я, плёну ў працы, поспехаў і добрага настрою!