1 верасня – важны дзень для ўсіх навучэнцаў, калі прынята віншаваць школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў з пачаткам новага навучальнага года. Цяжка знайсці чалавека, якога бы ў гэты дзень не кранулі прыемныя ўспаміны пра першы школьны званок, першую настаўніцу. Дзень ведаў – свята, якое з'явілася яшчэ ў савецкі час і адзначаецца з 1984 года. Гэты дзень з'яўляецца афіцыйным святам і ў некаторых постсавецкіх дзяржавах, уключаючы і Татарстан.
Сяброўства паміж Беларусью і Татарстанам мае доўгую гісторыю абмену культурай і традыцыямі, эканамічнага супрацоўніцтва. Паміж народамі склаліся моцныя гістарычныя сувязі, якія ўмацоўваюць іх адносіны.
У межах Плана мерапрыемстваў на 2024 год па рэалізацыі суместнага з Рэспублікай Татарстан праекта “Дзень у гісторыі”, да Дня ведаў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прадстаўляе дакументы Сцяпана Хусейнавіча Аляксандравіча – беларускага татарына – выдатнага літаратуразнаўца, крытыка, своеасаблівага празаіка, эрудыяванага і ўдумлівага педагога.
Нарадзіўся Сцяпан Хусейнавіч у Капылі у 1921 годзе ў сям’і гарбара. У сваіх аўтабіяграфічных нататках “Радзіма мая – Капыль” С.Х.Александровіч з любоўю згадвае родныя мясціны, дзе прайшло яго дзяцінства. Прыгадвае, якім поспехам карысталася ў той час у яго жыцці беларуская кніга. Пасля заканчэння капыльскай сярэдняй школы ў 1939 г. С.Х.Александровіч паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ), але скончыць першы курс яму не давялося: прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце. Прымаў удзел у баях за Керч і Феадосію. Цяжка паранены трапіў у палон, адкуль уцёк і вярнуўся на радзіму. Ваяваў у партызанскім атрадзе. Успаміны пра вайну ляглі ў аснову аповесці “Далёкія зарніцы” (1967). Пасля вайны настаўнічаў у школе. У 1950 г. С.Х.Александровіч скончыў завочна філалагічны факультэт БДУ. У 1971 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX – XX стагоддзя”. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР і мемарыяльным музеі Я. Коласа. З 1963 г. – дацэнт, з 1974 г. – прафесар БДУ. У 1984 г. атрымаў званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”. Памёр 1 мая 1986 года ў Мінску.