Для большасці з нас фотаздымак – зафіксаваны момант жыцця, аблічча чалавека, падзеі. Для Вадзіма Аркадзьевіча Качана (удзельніка праекта “Photo Manifesto: Contemporary Photography in the USSR”, выставы ў Маскоўскім “Манежы”, прысвечанай 150-годдзю фотаздымка і інш., аўтара серый дакументальных прац: “Портрет с портретом”, “Праздник города”, “Свет и тени”, “Фототандем” і фотаальбомаў “Лица”, “Люди Египта”, “Минск. Город и люди” і “Фотографии прошлых лет”, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”, Беларускага саюза дызайнераў, Саюза фотамастакоў Расіі) – гэта творчая самарэалізацыя, без якой яго існаванне пазбаўляецца сэнсу.
30 лістапада 2023 года Вадзім Аркадзьевіч Качан перадаў першую частку сваіх дакументаў (фотапартрэты, калажы, буклеты і каталогі выстаў з яго удзелам, пісьмы, фотарэпартажы і гумарэскі для газет) на захаванне ў БДАМЛМ. Большая частка перададзенага – фотафіксацыя жыцця Мінска і мінчукоў у 1970-я – 1990-я гг. Цяпер, як і суседка па лецішчы В.А. Качана Вольга, БДАМЛМ мае фота для памяці – памяці горада і краіны.