09.09.2026

Да 959-годдзя Мінска: відэаролік на аснове архіўных матэрыялаў БДАМЛМ

Традыцыйна ў другую суботу верасня Мінск адзначае Дзень горада.

12 верасня 2026 года беларуская сталіца святкуе свой 959-гадовы юбілей. Да гэтай святочнай даты Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) падрыхтаваў відэаролік, які запрашае гледачоў у займальнае віртуальнае падарожжа ў мінулае сталіцы.

У аснову кароткага відэасюжэту ўвайшлі тры мастацкія работы беларускіх майстроў з выяўленчага фонду БДАМЛМ: лінагравюра Анатоля Тычыны «Галоўны ўваход на стадыён Дынама» (1946 г.), малюнак Івана Рэя «Аляксандраўскі сквер з відам на краму №13» (1960-я гг.), малюнак Макрыны Пашкоўскай «Верхні горад у Мінску, з боку р. Свіслач» (1988 г.).

Супастаўленне архіўных твораў мастацтва з сучаснымі відамі тых жа лакацый дазваляе за адну хвіліну ўбачыць, як мянялася аблічча любімага горада, і адчуць бесперапынную сувязь часоў.

Калектыў БДАМЛМ шчыра віншуе мінчан і гасцей сталіцы са святам!

Паглядзець відэа і здзейсніць эстэтычны шпацыр па Мінску можна на афіцыйным YouTube-канале БДАМЛМ па спасылцы https://www.youtube.com/shorts/nYxcLMNSm6g