02.07.2024

БДАМЛМ: віртуальная выстава “Вызваленне Беларусі. Аперацыя “Баграціён” (да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь)”

2 ліпеня 2024 года на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва размешчана віртуальная выстава пад назвай “Вызваленне Беларусі. Аперацыя “Баграціён” (да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь)”. Экспазіцыя прысвечана значнай гістарычнай падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны – адной з найбуйнейшых стратэгічных наступальных аперацый, якая была праведзена з мэтай разгрому нямецка-фашысцкай групы армій “Цэнтр” і вызвалення Беларусі. Аперацыя “Баграціён” пачалася на некалькі дзён раней вызначанага тэрміну: неабходна было падтрымаць партызан, супраць якіх дзейнічалі карныя і рэгулярныя падраздзяленні гітлераўскіх акупантаў.

22 чэрвеня 1944 года савецкія войскі правялі разведку боем, а ўжо 23-га асноўныя ўдарныя групоўкі Чырвонай Арміі перайшлі ў наступ. Крыху больш, чым за два месяцы аперацыі “Баграціён”, Чырвоная Армія адкінула некалі буйнейшую групу армій “Цэнтр” на захад на 550 — 600 кіламетраў. Акрамя вызвалення нашай рэспублікі, ад ворага былі ачышчаны значная частка Літвы, часткі Латвіі і ўсходніх раёнаў Польшчы. А таксама створаны ўмовы для далейшага наступу Чырвонай Арміі на тэрыторыю Германіі.

На віртуальнай выставе прадстаўлены ўнікальныя фатаграфіі, звязаныя з гэтым перыядам у гісторыі Беларусі.

Арганізатары выставы спадзяюцца, што яна прыцягне ўвагу шырокай аўдыторыі і дапаможа захаваць і перадаць будучым пакаленням памяць пра подзвіг беларускага народа ў гады вайны.

Віртуальная выстава “Вызваленне Беларусі. Аперацыя “Баграціён” (да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь)” даступная анлайн на афіцыйным сайце архіва-музея.