15.09.2025

БДАМЛМ рыхтуецца да Дня народнага адзінства

12 верасня 2025 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі адкрыццё выставы “Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым”, якую Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прымеркаваў да Дня народнага адзінства. Прадстаўленыя на выставе дакументы і гістарычныя памяткі, звязаныя з жыццём Заходняй Беларусі, якія прывезлі ў Мінск Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей і Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”, выклікалі пільную ўвагу архівістаў.

 

Фонды БДАМЛМ багатыя на дакументальную спадчыну творцаў – ураджэнцаў Гродзенскай, Брэсцкай, а таксама часткі Мінскай і Віцебскай абласцей, што былі далучаны да БССР 17 верасня 1939 года. Новыя для архівістаў дакументы (фотатэлеграма рукапісу Я.Купалы, успаміны ўдзельнікаў Народнага сходу Заходняй Беларусі, фотаздымкі дэпутатаў у Вярхоўны Савет БССР ад Заходняй Беларусі, сведчанні пра ўдзел Я.Купалы ў выбарчай кампаніі і інш.) дапамагаюць спецыялістам у вывучэнні гэтага знакавага для краіны перыяду ў гісторыі і культуры.

Падчас мерапрыемства архівісты ў чарговы раз далучыліся да традыцыйнай музейнай акцыі “Чытаем Купалу разам”, агучыўшы вершы Я.Купалы са зборніка-юбіляра “Безназоўнае” (1925), якія друкаваліся на старонках прэсы Заходняй Беларусі.