31.10.2024

БДАМЛМ прыняў удзел у прэзентацыі сумеснага выдання «Соната № 3 для фортепиано» Льва Абеліёвіча

31 кастрычніка 2024 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва прынялі ўдзел ў прэзентацыі сумеснага з выдавецтвам “Ковчег” выдання “Соната № 3 для фортепиано” Льва Абеліёвіча, падрыхтаванага да друку Андрэем Кіранавым па нотным рукапісу, які захоўваецца ў архіве-музеі. Прэзентацыя праходзіла ў межах вялікага канцэрта для настаўнікаў музычных устаноў горада на базе 10-й музычнай школы Мінска.

Леў Маісеевіч Абеліёвіч (1912–1985) – класік беларускай музыкі ХХ стагоддзя, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, член Саюза кампазітараў СССР. Нарадзіўся ў Вільні, паступіў у Варшаўскую кансерваторыю (клас фартэпіяна). У 1939 годзе, знаходзячыся на вакацыях у Вільні, даведаўся пра акупацыю Польшчы і прыняў рашэнне працягнуць адукацыю ў Мінскай кансерваторыі. Падчас вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Горкім. Пасля вайны вярнуўся ў Мінск і цалкам прысвяціў сябе музыцы. У творчай спадчыне Льва Абеліёвіча 4 сімфоніі, уверцюры і іншыя п’есы для аркестра; канцэрт для фартэпіяна з аркестрам; камерна-інструментальная музыка і інш.