30.07.2025

БДАМЛМ наведаў выставу фотадакументаліста Юрыя Сяргеевіча Іванова «Ах, вернісаж, ах, вернісаж…»

29 ліпеня 2025 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) на чале з дырэктарам А.А.Макаранка наведалі выставу нашага фондаўтваральніка, фотамастака, заслужанага журналіста Беларускага саюза журналістаў Юрыя Сяргеевіча Іванова.

 

Са сценаў доўгага калідора другога паверха Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на нас з кожнай фатаграфіі ў рамках глядзяць твары вядомых акцёраў, рэжысёраў, скульптараў, мастакоў, пісьменнікаў, архітэктараў, здымкі якіх былі зроблены Юрыем Сяргеевічам у 1960-1970-х гг.

Выстаўка-вернісаж фотадакументаліста Ю.С.Іванова складаецца з трох раздзелаў – “Ветэраны”, дзе прадстаўлены амаль трыццаць фатаграфій удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, “Творцы” – гэта партрэты дзеячаў беларускай культуры і іх асабістыя афарызмы пра сябе, жыццё, стаўленне да мастацтва, “Будні” — свайго роду справаздача аб дзейнасці Цэнтра, у якой праводзяцца сустрэчы, сходы, узнагароджанні ўдзельнікаў конкурсаў. Як правіла, пасля такіх сустрэч Юрый Сяргеевіч са сваіх фатаграфій робіць фотакалажы – партрэты ўдзельнікаў, моманты абмеркавання, дакументы.

Раздзел “Творцы” на гэтай выставе з’яўляецца самым уражлівым па колькасці партрэтных здымкаў і па эмацыйна-псіхалагічным успрыманні. Сярод іх партрэты народнага пісьменніка БССР Івана Паўлавіча Мележа, зроблены роўна 65 гадоў таму, народных артыстак БССР Таццяны Міхайлаўны Каламійцавай і Наталлі Віктараўны Гайды, народнага мастака Беларусі, скульптара Уладзіміра Іванавіча Слабодчыкава і многіх іншых.

Дзякуем Юрыю Сяргеевічу Іванову за яго творчую працу і магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі стваральнікамі нашай беларускай культуры.