20.11.2025

БДАМЛМ на юбілейным мерапрыемстве 100-годдзя Беларускага Радыё

19 лістапада 2025 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва на чале з дырэктарам А.А.Макаранка наведалі ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю Беларускага радыё, якое праходзіла ў вялікай зале Палаца Рэспублікі.

 

У рамках святкавання адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў I Нацыянальнага конкурсу “Радыётрыумф”, заснаванага ў 2025 годзе. Вялікі святочны канцэрт сабраў каля 300 удзельнікаў і стаў яркім музычнатэатральным падарункам радыёсупольнасці.

Падчас мерапрыемства архівісты пабывалі на інтэрактыўных пляцоўках і фотазонах, якія знаёмілі гасцей з дзейнасцю радыёстанцый, сустрэліся з вядомымі радыёвядучымі. БДАМЛМ з’яўляецца захавальнікам гісторыі развіцця радыёвяшчання ў нашай краіне. У архіве можна пазнаёміцца з дакументамі з асабістага фонду В.П.ПалескагаСтанкевіча – журналіста, драматурга і дзяржаўнага дзеяча, старшыні Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні (1965-1971). Сярод іх, напрыклад, фотаздымкі першых дыктараў Беларускага радыё – І.Л.Кургана, У.М.Юрэвіча падчас рабочых сустрэч, С.Я.Гурыч – галоўнага рэжысёра літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага рэспубліканскага радыё ў 1967–1986 гадах, якая стварыла больш за 200 радыёспектакляў; фатаграфіі рэпетыцый радыёспектакляў.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва сардэчна віншуе калектыў Беларускага радыё з юбілейнай датай, жадае далейшых творчых поспехаў, новых прафесійных дасягненняў і верных слухачоў.