13.12.2024

БДАМЛМ на кіналекторыі, прысвечаным 100-годдзю беларускага кіно

12 снежня 2024 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі кіналекторый, прысвечаны 100-годдзю беларускага кіно ў Музеі беларускага кіно. На лекторыі былі прадстаўлены фільмы “Дэманстратар” (рэж. Я.Сяцько), “Трэст, які не лопнуў” (рэж. Ю.Цімафееў), “Залатая эпоха Беларусьфільма” (рэж. Я.Сяцько).

Фільм у стылістыцы нямога кіно “Дэманстратар” расказвае пра гісторыю першых паказаў і здымак кіно ў Мінску. Праведзена лінія кахання паміж піянерам мінскага кінематографа Рыхардам Штрэмерам, які быў прадзюсерам першых стужак, знятых у Беларусі, і актрысай яго фільмаў.

Фільм “Трэст, які не лопнуў” расказвае пра станаўленне беларускага кінематографа. У гэтай стужцы выкарастаны матэрыялы БДАМЛМ, якія ўтрымліваюць звесткі пра Ю.Тарыча, здымкі фільма “Лясная быль” паводле М.Чарота. Таксама выкарыстаны матэрыялы фонду У.Корш-Сабліна.

Фільм “Залатая эпоха Беларусьфільма” расказвае пра перыяд 1960 – 1980-х гг., бурны час працы таленавітых рэжысёраў, сцэнарыстаў, акцёраў і аператараў. Фільм складзены з інтэрв’ю, кадраў з кінакарцін, дакументальных кадраў са здымачнай пляцоўкі.