Удзельнікі падарожжа наведалі знакавыя мясціны Ушаччыны, звязаныя з жыццём і творчасцю славутых пісьменнікаў-землякоў, уганараваных званнем “Народны”: Петруся Броўкі, Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава. Падарожнікі змаглі прайсці сцежкамі паэтаў і пісьменнікаў, напіцца вады з “Крыніцы паэтаў”, дзе спыняліся многія з творцаў па дарозе дадому, убачыць дакументальныя сведчанні іх творчых лёсаў і гераізму партызанскага Лепельскага і Ушацкага краю.
Загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ В.В.Біруля і вядучы архівіст Н.А.Мізон падчас падарожжа прынялі ўдзел у чытальніцкім марафоне, дзе гучалі вершы, арыгінальныя рукапісы якіх захоўваюцца ў фондах БДАМЛМ.
Ва ўрачыстай абстаноўцы ў Хаце-музеі Петруся Броўкі перад удзельнікамі імпрэзы адбылася прэзентацыя выставы “У вялікай дарозе” і былі ўручаны копіі ўнікальных дакументаў з фондаў БДАМЛМ: экслібрысы Петруся Броўкі, зробленыя М.Тарасікавым і Я.Красоўскім, партрэт-афорт паэта ў выкананні Я.Красоўскага, вершы-прысвячэнні Петрусю Броўку з нагоды юбілею аўтарства М.Хведаровіча і М.Лужаніна. Асабліва каштоўным дакументам, копія якога перададзена ў фонды Літаратурнага музея Петруся Броўкі, стала копія калектыўнага ліста П.Броўкі, М.Танка, В.Вольскага, А.Кучара да намесніка начальніка аддзела друку Наркамата абароны СССР Панова з просьбай залічыць у дзеючую армію (1941).
Сумесны праект падцвердзіў агульнасць намаганняў архівістаў і музейных работнікаў у захаванні культурнай спадчыны Беларусі.