08.02.2024

Адкрыццё літаратурна-дакументальнай выставы “Перад сабой і светам будзь праўдзівы…” у БДАМЛМ

7 лютага 2024 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё літаратурна-дакументальнай выставы “Перад сабой і светам будзь праўдзівы…”, прысвечанай 110-годдзю народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад германскіх захопнікаў.

На адкрыцці прысутнічалі родныя (унук паэта, фалькларыст Уладзімір Бербераў і пляменнік паэта Віталь Маслоўскі), даследчыкі творчасці А. Куляшова – Тэрэза Голуб (кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага, беларускі літаразнаўца, тэкстолаг, крытык), Міхась Кенька (кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея літаратуры і мастацтва, беларускі літаратуразнавец, перакладчык), Іван Міско (скульптар, народны мастак Беларусь, аўтар надмагілля і мемарыяльнай дошкі юбіляра), а таксама ў рамках рэспубліканскай акцыі “Архівы – школе” адкрыццё наведалі навучэнцы 8 “Д” класа ДУА “Гімназія № 40 імя Янкі Лучыны, г. Мінска” і ўсе зацікаўленыя.

З прывітальным словам выступілі дырэктар БДАМЛМ Алена Макаранка, пляменнік паэта Віталь Маслоўскі, унук паэта Уладзімір Бербераў, народны мастак Беларусі Іван Міско, кандыдаты філалагічных навук Тэрэза Голуб і Міхась Кенька. Куратарам выставы і вядучым вечара з’яўлялася вядучы архівіст архіва-музея Наталля Мізон.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Віталь Маслоўскі перадаў на пастаяннае захоўванне ў архіў-музей арыгінальныя лісты Аляксандры Карыткінай, якой Аркадзь Куляшоў прысвяціў свой верш “Бывай…”, да маці і да сястры паэта. Гэтыя каштоўныя дакументы дапоўняць фонд юбіляра і ў будучыні будуць даступны наведвальнікам чытальнай залы.

На выставе прадстаўлены асабістыя рэчы народнага паэта, фотаздымкі, рукапісы, лісты і невыданыя творы. Асаблівую ўвагу прыцягваюць унікальныя лісты ваеннай пары, якія захавалі эмоцыі і думкі куляшоўскага кола сяброў і сваякоў. Хутка будзе падрыхтавана куратарская экскурсія для ўсіх жадаючых.

Запіс на экскурсію па тэл.: 316 47 81.