"Зора Кіпель" - новая кніга з серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны"

Выйшла ў свет новая кніга з серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" - "Зора КІпель", заснаваная на дакументах, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Серыя "Людзі эміграцыі" - гэта ўшанаванне памяці тых, хто адышоў, і магчымасць сказаць дзякуй тым, што жывуць, суродзічам-беларусам - навукоўцам, мастакам, літаратарам, усім, хто цягам свайго жыцця на чужыне працаваў і працуе дзеля пашырэння беларушчыны. Кожная кніга серыі - гэта аповед пра жыццё і дзейнасць асобы ў тэкстах, дакументах, здымках.

Кніга "Зора Кіпель" - аповед пра жыццё і дзейнасць амерыканскай беларускі, бібліёграфа, даследчыцы сярэднявечнай літаратуры. Аповед, заснаваны на яе ўласных тэкстах, успамінах пра яе, а таксама на архіве, што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Гэтае выданне – ушанаванне памяці спадарыні Зоры (1927-2003) і вяртанне ў айчынную інтэлектуальную прастору яе да сёння належна не ацэненай літаратуразнаўчай спадчыны. Укладанне і каментары намесніка дырэктара БДАМЛМ Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча. Рэдагаванне Наталлі Гардзіенкі.

28 жніўня 2019 г.