"Жыццёвы і творчы шлях Андрэя Іванавіча Александровіча. Да 115-годдзя з дня нараджэння (1906-1963)"

22 студзеня 2021 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя новага віртуальнага раздзела сумеснага праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця", якія ажыццяўляе Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Беларускім дзяржаўным архіва-музеем літаратуры і мастацтва, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Выдавецкім домам "Звязда" (часопісам "Маладосць"). Праект прымеркаваны да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк” і разлічаны на доўгі перыяд – з 2019 па 2023 год.

Чарговы раздзел праекта "Жыццёвы і творчы шлях Андрэя Іванавіча Александровіча" прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння паэта, пісьменніка, публіцыста і літаратурнага крытыка, перакладчыка, аднаго з арганізатараў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, члена-карэспандэнта НАН Беларусі. У праекце размешчаны 25 алічбаваных кніг А.Александровіча. Прадстаўлена літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка, фатаграфіі розных гадоў, выявы дакументаў, рукапісаў, віншавальных паштовак, асабістых рэчаў А.Александровіча. Размешчаны старонкі з дзённіка А.Александровіча і яго ліставанне з празаікам і перакладчыкам І.Барашкай, артысткай і мемуарысткай П.Мядзёлкай, пісьменніцай А.Васілевіч (арыгіналы якіх захоўваюцца ў фондах архіва-музея).

На сайце Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі можна таксама азнаёміцца з папярэднімі раздзеламі праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця".

27 студзеня 2021 г.