Завершана навуковае апісанне сямейнага фонду № 339 (вопіс № 1) мастака тэатра Нікіціна Леаніда Аляксандравіча, гісторыка, археолага, празаіка Нікіціна Андрэя Леанідавіча

Леанід Аляксандравіч Нікіцін нарадзіўся 1 (14) мая 1896 года ў г. Разань. У 1915 г. скончыў 2-ю Разанскую мужчынскую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, дзе навучаўся да 1918 г. З 1915 г. узаемадзейнічаў з МХТ-1, займаўся жывапісам у прыватных студыях г. Масквы (у А.С. Бяссмертнага, А.А. Ленскага, Э.Э. Лісснэра). З 1916 г. да 1917 г. знаходзіўся ў дзеючай арміі. У 1918 г. працаваў мастаком канцэртнага аб’яднання “Сороконожка” (г. Масква). У 1919 г. быў пераведзены на Украіну (г. Харкаў, г. Кіеў, г. Адэса, п-ў Крым) у распараджэнне галоўнага начальніка забеспячэння ўзброеных сіл, потым – скіраваны ў штаб 16-й Арміі Заходняга фронту (г. Смаленск, г. Мінск). У 1920 г. быў адкамандзіраваны для вучобы на японскім аддзяленні Акадэміі Генштаба Чырвонай Арміі (г.Масква), з 1921 г. да 1924 г. працаваў навуковым супрацоўнікам японскага аддзялення Цэнтральнага інстытута жывых усходніх моў. З 1922 г. да 1923 г. чытаў лекцыі па гісторыі мастацтваў у Пралеткульце, з 1923 г. да 1924 г. – у Маскоўскім медыка-педагагічным інстытуце. Адначасова займаўся жывапісам ва ВХУТЕМАСе (у А.А. Асмёркіна, А.В. Лентулава, Н.У. Сінезубава). Працаваў мастаком-афарміцелем спектакляў у тэатрах г. Масквы: 2-й Цэнтральнай студыі Пралеткульта, 1-м Рабочым тэатры Пралеткульта, 1-й Опернай майстэрні садружнасці артыстаў, Беларускай драматычнай студыі ў г. Масква і інш., МХАТе-3, МХАТе-2, 2-ім Маскоўскім тэатры сатыры, Дзяржаўным яўрэйскім тэатры Украіны ў г. Адэсе, Маскоўскай кансерваторыі і інш. У 1929 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнай акадэміі мастацкіх навук, у 1930 г. – мастаком-пастаноўшчыкам “Арменкино” ў г. Ерэване. 16 верасня 1930 г. Л.А. Нікіцін быў арыштаваны па справе “Ордэна свету” (“Ордэна тампліераў”) і асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў (арт. 58-10). Быў скіраваны на Беламорканал, дзе працаваў мастаком УСЛОНа, з 1930 г. да 1934 г. – тэатра СвірЛага ў г. Ладзейнае Поле Ленінградскай вобласці і афармляў спектаклі. Вызваліўся 16 ліпеня 1934 года, жыў у г. Калініне (цяпер – г. Цвер). Працаваў мастаком-афарміцелем у Маскоўскім драматычным тэатры, 1-м Рабочым тэатры, БДТ-2, Шахцёрскім ансамблі песні і танца (1938). З 1939 г. да 1941 г. працаваў мастаком Навукова-даследчага інстытута цацкі ў г. Загорску (цяпер – г. Сергіеў Пасад). Арыштаваны другі раз 24 чэрвеня 1941 г. і асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў (арт. 58-10).

Л.А. Нікіцін памёр 15 кастрычніка 1942 г. у лагерным лазарэце г. Канска (Краснаярскі край). У 1963 г. ён быў рэабілітаваны па абедзвюх справах.

Андрэй Леанідавіч Нікіцін нарадзіўся 19 жніўня 1935 г. у г. Калініне (цяпер – г. Цвер). З 1955 г. да 1960 г. вучыўся на гістарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава (спецыяльнасць “гісторык і археолаг”), з 1962 г. да 1965 г. – у аспірантуры Інстытута археалогіі АН СССР. З 1957 г. узначальваў археалагічныя атрады, потым – археалагічныя экспедыцыі ў Пераслаўль-Залесскім і Растоўскім раёнах Яраслаўскай вобласці, на Церскім і Летнім берагах Белага мора, удзельнічаў у раскопках у Архангельскай, Мікалаеўскай і Уладзімірскай абласцях, у Закаўказзі, на п-ве Крым, у Малдавіі, г. Ноўгарадзе і г. Пскове. З 1963 г. працаваў журналістам у газетах “Известия”, “Московская правда”, “Неделя”, “Советская культура”, часопісах “Вокруг света”, “Дружба народов”, “Знание – сила”, “Наука и жизнь”, “Новый мир”, “Октябрь”, “Север” і інш. Адначасна друкаваў навуковыя работы па археалогіі, гістарычнаму літаратуразнаўству, гісторыі тайных таварыстваў Расіі і СССР, палеаграфіі, старажытнай і сярэднявечнай гісторыі Усходняй Еўропы, тэксталогіі. З 1975 г. да 1985 г. быў навуковым сакратаром Пастаяннай камісіі па праблемах “Слова о полку Игореве”, з 1976 г. да 1984 г. – старшым рэдактарам аддзела прозы выдавецтва “Советский писатель”. З 1985 г. А.Л. Нікіцін знаходзіўся на творчай працы. Аўтар кніг: “Голубые дороги веков” (1968), “Цветок папоротника” (1972), “Распахнутая земля” (1973), “Возвращение к Северу” (1979), “Дороги веков” (1980), “Над квадратом раскопа” (1982), “Точка зрения” (1985), “День, прожитый дважды” (1985), “Костры на берегах” (1986), “Орден российских тамплиеров”, тт. I-III (2003), “Розенкрейцеры в Советской России” (2004), “Основания русской истории: мифологемы и факты” (2001), “Инок Илларион и начало русского летописания” (2003), “Тайные ордены в Советской России: Тамплиеры и розенкрейцеры” (2006) (надрукавана пасля смерці).

З 1973 г. – член СП СССР, з 1974 г. – Усесаюзнага геаграфічнага таварыства АН СССР.

А.Л. Нікіцін памёр 15 лістапада 2005 г. Пахаваны на Увядзенскіх могілках у г. Маскве.

Дакументы сямейнага архіва Л.А. і А.Л. Нікіціных паступілі ў архіў-музей у 1986 г. і 1997 г. ад Андрэя Леанідавіча Нікіціна. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1 у колькасці 39 спраў (66 дакументаў) за 1965-1988 гг., копіі дакументаў за 1924-1926 гг.

Вопіс складаецца з 2-х раздзелаў:

  1. У раздзеле “Дакументы Л.А. Нікіціна” – 3 падраздзелы. У першым падраздзеле змешчаны копіі фатаграфій накідаў і эскізаў дэкарацый, касцюмаў і масак Л.А. Нікіціна да спектакляў Беларускай драматычнай студыі ў г. Маскве і інш. Другі падраздзел прадстаўлены артыкуламі пра Л.А.Нікіціна, рэцэнзіяй і нататкай з яго ўпамінаннем, успамінамі В.Р. Нікіці-най аб ім. У трэцім падраздзеле знаходзяцца фатаграфіі Л.А. Нікіціна, інды-відуальная і ў групе з акцёрамі Беларускай драматычнай студыі ў г. Маскве, і інш.
  2. У раздзеле “Дакументы А.Л. Нікіціна” знаходзяцца яго рукапісы: аповесці, апавяданне, нарысы і артыкулы за 1965–[1985] гг.; аўтабіяграфія А.Л. Нікіціна і спіс яго надрукаваных работ. За раздзелам змешчаны фатаграфіі А.Л. Нікіціна, індывідуальныя (1979–1983) і групавая (1978).

22 лістапада 2017 г.