Завершана навуковае апісанне фонду № 520 (вопіс № 1) паэта, перакладчыка, дзяржаўнага дзеяча Бураўкіна Генадзя Мікалаевіча

Бураўкін Генадзь Мікалаевіч нарадзіўся 28 жніўня 1936 г. у вёсцы Шуляціна (цяпер Тродавічы) Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Да восьмага класа вычыўся ў Расонскай школе. У 1952 г. разам з сям’ёй пераехаў у Полацк. У 1954 г. скончыў СШ № 1 г. Полацка. З 1954 г. да 1959 г. вучыўся на аддзяленні журналістыкі філфака БДУ. Працаваў у газеце працоўных рэзерваў “Рабочае юнацтва” (1958-1959), стыль-рэдактарам часопіса “Камуніст Беларусі” (1959-1960), старшым рэдактарам рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання беларускага радыё (1960-1963), загадчыкам аддзела рэдакцыі газеты “ЛіМ” (1963-1967) і намеснікам галоўнага рэдактара газеты “ЛіМ” (1967-1968), карэспандэнтам газеты “Правда” па Беларусі (1968-1972), галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць” (1972-1978), старшынёй Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (Дзяржтэлерадыё БССР) (1978-1990), пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ААН (1990-1993), намеснікам міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994), галоўным саветнікам намесніка прэмьер-міністра Рэспублікі Беларусь (1994-1995), першым намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” (1995-2001), у газеце “Беларускі час” (2001-2004), кіраўніком назіральнага савета спадарожнікава спутнікавага тэлеканала Белсат (з 2008).

Сябар СП СССР (1961 г.), сябар Саюза журналістаў СССР (1969 г.); сябар КПСС (1964 г.); правамоцны сябар Міжнароднага ПЭН-клуба ад Беларускага ПЭН-цэнтра (1989 г.); сябар Рады беларускай інтэлігенцыі, сябар ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнню кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь У.П. Някляева (2010 г.). Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны (1997-1999), сустаршыня Усебеларускага з’езду за незалежнасць (2000). Удзельнічаў у XXI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1976), член ЦК КПБ (1981-1990 гг.), з’яўляўся адным з ініцыятараў прыняцця “Закона Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб мовах у Беларускай ССР” (1990). Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР X і XI скліканняў (1980-1990 гг.).

Узнагароджаны: ардэнамі – “Працоўнага Чырвонага Сцяга” (1981), “Дружбы народаў” (1986); медалямі – “За доблесную працу” ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна (1970), “Ветэран працы” (1990); Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1967, 1974, 1975, 1978), Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў ЛітССР (1975) і УССР (1975); Ганаровы супрацоўнік Дзяржтэлерадыё БССР (1990). Дзяржаўныя прэміі БССР – імя Я. Купалы за зборнік вершаў “Варта вернасці” (1980), імя А. Адамовіча за кнігу паэзіі “Жураўліная пара”, укладанне кнігі ўспамінаў “Наш Быкаў”, серыю публіцыстычных артыкулаў у газеце “Салідарнасць” (2005). З’яўляецца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972).

Г.М. Бураўкін аўтар вершаў, празаічных твораў, сцэнарыяў. Выступаў як публіцыст і крытык. Упершыню выступіў у друку ў 1952 г. у полацкай абласной газеце. Аўтар кніг: “Майская просінь” (1960), “З любоўю і нянавісцю зямною” (1963); зборнікаў вершаў: “Жніво” (1971), “Варта вернасці” (1978), “Пяшчота” (1985), “Гняздо для птушкі радасці” (1986), “Дыханне” (1996), “Жураўліная пара” (2004), “Лісты да запатрабавання” (2010), “Нагаварыцца з зоркамі” (2014) і інш.; зборніка песень “Табе, Беларусь” (1984); кнігі паэзіі для дзяцей “Тры казкі пра Зая” (1974); сцэнарыяў радыёпраграм і тэлеперадач: “Неатрыманыя пісьмы”, “Рождаются новые города” і інш.; кінасцэнарыя “Брат” (пра К.Э. Дзяржынскага) (1972); сцэнарыяў дак. фільмаў - “Апаленая памяць” (1975), “Падарожжа па Беларусі” (1976); разам з Ф.Я. Коневым, У.Т. Халіпам аўтар сцэнарыя двухсерыйнага фільма “Полымя” (1974); апавяданне “Мёртвыя жывуць” (дэбют у прозе) (1965), дакументальнай аповесці “Тры старонкі з легенды” (1971); укладальнік кнігі “Наш Быкаў” (2004). Вершы Г.М. Бураўкіна перакладзены на розныя мовы і пакладзены на музыку кампазітарамі Л.Л. Барткевічам, Зм. Вайцюшкевічам, Э.Б. Зарыцкім, І.М. Лучанком, В.П. Раінчыкам, Э.С. Ханком і інш.

Г.М. Бураўкін памёр 30 мая 2014 г. Пахаваны на Усходніх могілках г.Мінска.

Дакументы Г.М. Бураўкіна паступілі ў БДАМЛМ ад удавы Бураўкінай Юліі Якаўлеўны ў 2016, 2018 гг. У 2018-2019 гг. дакументы прайшлі навукова-тэхнічную апрацоўку, у выніку якой быў складзены вопіс № 1, у колькасці 870 спраў (5325 дак.) за 1937, 1945-2016 гг.

Вопіс складаецца з 10 раздзелаў:

  1. У раздзел “Рукапісы” увайшлі дакументы, якія ахопліваюць творчую дзейнасць Г.М. Бураўкіна за 1955-2014 гг.: зборнікі вершаў, асобныя вершы, блакноты і запісныя кніжкі (39) з вершамі, перакладамі вершаў, эпіграмамі; сцэнарыі радыё і тэлеперадач, радыёнавэлы, кінасцэнарый, літаратурныя сцэнарыі мастацкага і дакументальнага фільмаў, нарысы, артыкулы пра Н.А. Арсенневу, М.І. Гарэцкага, Н.С. Гілевіча, С.І. Законнікава і інш., нататкі пра касманаўтаў і інш., рэцэнзіі на кнігі А.М. Адамовіча, Р.І. Барадуліна, Д.І. Бічэль-Загнетавай і інш., водгукі на тэлевізійны і дакументальны фільмы, выступленні на з’ездах, пленумах, вечарах, успаміны пра І.П. Мележа, Вялікую Айчынную вайну і інш., пераклады.
  2. Раздзел “Пераклады твораў Г.М. Бураўкіна” складаецца з 2-х падраздзелаў “Паэмы” і “Вершы” справы у якіх сістэматызаваны па алфавіце моў (1961- 2009).
  3. У раздзел “Песні на словы Г.М. Бураўкіна” ўвашлі песні Л.Л. Барткевіча, Э.Б. Зарыцкага, В.К. Іванова, І.М. Лучанка і інш. (1963-2005). За раздзелам змешчана падборка ўспамінаў розных аўтараў да кнігі “Наш Быкаў” (укладальнік Г.М. Бураўкін) (2003-2004).
  4. Раздзел “Перапіска”: пісьмы Г.М. Бураўкіна, пісьмы Г.М. Бураўкіну (пісьмы ад дзеячаў літаратуры і культуры і пісьмы ад родных, сяброў, знаёмых, чытачоў), пісьмы Г.М. Бураўкіну ад устаноў, візітныя карткі (1961-2014).
  5. У невялікім раздзеле “Дароўныя надпісы Г.М. Бураўкіну” справы сістэматызаваны па алфавіце прозвішчаў аўтараў дароўных надпісаў (1982-2008).
  6. Раздзел “Дакументы да біяграфіі Г.М. Бураўкіна”: асабістыя дакументы (1953-2012), дакументы творчай дзейнасці (1957-1997, 2010, 2013), дакументы службовай дзейнасці (1960-[1990-я гг.]), дакументы дэпутацкай дзейнасці (1975-1990), дакументы грамадскай дзейнасці (1962, 1975-2013), дакументы аб узнагародах ([1958]-2001), юбілейныя дакументы (1976-2011).
  7. Раздзел “Дакументы пра Г.М. Бураўкіна”: вершы, артыкулы, рэцэнзіі, інтэрв’ю і інш. (1956-2016).
  8. Раздзел “Дакументы, сабраныя Г.М. Бураўкіным па цікавых для яго тэмах”: выпіскі, кароткія запісы, артыкулы і выступленні па тэме “Беларуская мрова”, дакументы пра В.Быкава, друкаваныя і перыялычныя дакументы беларусаў замежжа і інш. [1945-2014].
  9. У раздзел “Выяўленчыя дакументы” ўвайшлі 9 падраздзелаў, справы ў якіх сістэматызаваны па тэматычна-храналагічным прынцыпе (1937, 1954-2013). Усяго ў раздзеле налічваецца 1470 фатаграфій.
  10. Дакументы Ю.Я. Бураўкінай (жонкі): артыкул, успаміны пра мужа, біяграфічныя дакументы, фатаграфіі, індывідуальныя і разам з роднымі, дзеячамі літаратуры і мастацтва, супрацоўнікамі выдавецтва “Народная асвета”, прадстаўнікамі беларускай дыяспары ЗША і інш. (1940-2015).

24 кастрычніка 2019 г.