Завершана навуковае апісанне фонду № 518 (вопіс № 1) графіка, бібліяфіла і грамадскага дзеяча Яўгена Сяргеевіча Куліка

Нарадзіўся 31 кастрычніка 1937 г. у г. Мінску ў сям’і служачага. У 1952 г. скончыў 7 класаў СШ № 48 г. Мінска. 3 1952 г. да 1957 г. вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава (цяпер - Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава) у Л.М. Лейтмана і А.П. Мазалёва, з 1957 г. да 1963 г. – на аддзяленні жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) у А.С. Казлоўскага, А.А. Малішэўскага, У.І. Стальмашонка, В.К. Цвіркі, A.M. Шаўчэнкі. У 1962-1964 гг. быў мастацкім рэдактарам у дзіцячым часопісе “Бярозка”, з 1964 г. – пазаштатным мастаком у выдавецтве “Беларусь”, “Полымя”і інш., з 1982 да 1986 г. – мастаком у Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце.

Працаваў у кніжнай і станковай графіцы, экслібрысе. Творчую дзейнасць пачаў у 1959 г. афармленнем зборніка апавяданняў В.Ф. Хомчанкі “Наша вячэра”. Ілюстраваў кнігі М.А. Багдановіча “Маладзік” (1968), В.В. Зуёнка “Сонечны клубочак” (1972), “Пшанічны каласок: Беларуская народная казка” (1974) і інш. Адным з першых у СССР звярнуўся да прыёму калажа, спалучыўшы ў працах фатаграфіі, друкарскія шрыфты і ўласныя малюнкі. Вынаходніцтвам мастака стала яднанне калажа з лінеарнай прамалёўкай акварэллю. Найбольш вядомыя творы Я.С. Куліка: графічныя нізкі “Помнікі дойлідства Гродзеншчыны” (1974); “Да 1000-годдзя Беларусі” (1980), “Вадроўкі па Беларусі” (1981-1998) і інш.; малюнкі-рэканструкцыі “Замкі Беларусі” (1977) і інш.; станковыя аркушы паводле рамана У.С. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1978), паэмы Я. Купалы “На куццю” (1982), “Памяці народнай мастачкі Алены Кіш” (1983); серыя паштовак “1000 гадоў Беларусі” (1980); малюнкі гербоў да кніг А.К. Цітова “Гарадская геральдыка Беларусі” (1989), “Геральдыка беларускіх местаў” (1998) і інш. З’яўляецца аўтарам (сумесна з У.Я. Крукоўскім і Л.І. Талбузіным) эталона дзяржаўнага герба “Пагоня” (1991).

3 1963 г. удзельнічаў у рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных мастацкіх выстаўках. Узнагароджаны за мастацкае афармленне кніг: І.Ц. Бурсава “Как звери к зиме готовятся” (дыплом I ступені Беларускага рэспубліканскага конкурсу на лепшыя па мастацка-тэхнічным афармленні і паліграфічным выкананні кнігі (1966/67), А.К. Севярнёвай і Л.П. Падгайскага “Беларуская мова: падручнік для, 1-га класа” (сумесна з П.М. Драчовым) (дыпломы I ступені Беларускага рэспубліканскага конкурсу на лепшыя па мастацка-тэхнічным афармленні і паліграфічным выкананні кнігі (1969) і II ступені Усесаюзнага конкурсу лепшых выданняў па мастацкім афармленні і паліграфічным выкананні кнігі (1971), М. Гусоўскага “Песня пра зубра: на лацінскай, беларускай, рускай мовах” (дыпломы імя Францыска Скарыны (1980), I ступені Усесаюзнага конкурсу лепшых выданняў па мастацкім афармленні і паліграфічным выкананні кнігі і II ступені XIII Міжнароднага конкурсу мастацтва кнігі БССР, Латв.ССР, ЛітССР і Эстонскай ССР (1981) і інш.

У 1965 г. прыняты ў Саюз мастакоў СССР.

Я.С. Кулік уваходзіў у склад шматлікіх аб’яднанняў і камісій. 3 1973 да 1977 гг. і з 1982 да 1986 гг. быў членам, з 1977 да 1982 гг. – старшынёй Камісіі па народным мастацтве і рабоце з народнымі майстрамі пры Саюзе мастакоў БССР. У яе складзе займаўся збіраннем і экспанаваннем творчай спадчыны Алены Кіш, Язэпа Драздовіча, Апалінара Пупко і інш. 3 1985 г. быў членам Гісторыка-мемарыяльнай камісіі Саюза мастакоў БССР, з 1987 г. – Моўнай камісіі Беларускага фонду культуры, з 1990 г. – Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і інш.

Яўген Сяргеевіч Кулік памёр 12 студзеня 2002 г. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у г. Мінску.

Творы Я.С. Куліка знаходзяцца ў БДАМЛМ, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў г. Мінску, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і ў прыватных калекцыях.

Дакументы Я.С. Куліка паступілі ў БДАМЛМ ад Тамары Сяргееўны Мінкевіч (сястры мастака) у 2012 г. пры непасрэдным удзеле яго сяброў – мовазнаўца і выдаўца Дзмітрыя Фёдаравіча Санько і мастака Віктара Пятровіча Маркаўца, які пасля смерці Я.С. Куліка дбаў пра яго архіўную спадчыну, кніжныя зборы і майстэрню на вул. М. Танка, д. 10. Некалькі дакументаў: слайды з фатаграфіямі Я.С. Куліка, сканы яго работ і інш. былі атрыманы ад Т.С. Мінкевіч і мастацтвазнаўцы Т.Г. Гаранскай у 2019 г. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1, які складаецца з 12 раздзелаў, усяго сфарміравана 1434 справы (11049 дак.) за [1784]-2019 гг.

У першым раздзеле “Творчыя дакументы Я.С. Куліка” змешчаны 2 падраздзелы, справы ў якіх сфарміраваны па жанрах і храналогіі за 1944-1997 гг. Першы падраздзел прадстаўлены малюнкамі-рэканструкцыямі беларускіх замкаў [да кніг М.А. Ткачова], малюнкамі і накідамі гербоў і пячацей беларускіх гарадоў [да кніг А.К. Цітова]; кніжнай графікай і кніжнымі выданнямі з ілюстрацыямі Я.С. Куліка; рэпрадукцыямі гравюр і малюнкаў, экслібрысамі; мастацкімі паштоўкамі да юбілейных дат; сатырычным альбомам “Памятка плагиатору” і інш. У другім падраздзеле сабраны артыкулы, выступленні, рэцэнзіі і інш.

Другі раздзел – “Перапіска” – складаецца з 3-х падраздзелаў: пісьмы Я.С. Куліка; пісьмы Я.С. Куліку ад мастакоў, гісторыкаў, калекцыянераў, мастацтвазнаўцаў, сваякоў, сяброў і знаёмых і інш. і пісьмы Я.С. Куліку ад устаноў за 1967-2001 гг.

Трэці раздзел “Дароўныя надпісы і аўтографы Я.С. Куліку”, уключае ў сябе справы, як дароўныя надпісы і аўтографы І.Ф. Астафійчука, Л.Э. Барталава, Я. Брыля і інш. за 1968-2001 гг.

Чацвёрты раздзел “Дакументы да біяграфіі Я.С. Куліка” складаецца з асабістых дакументаў Я.С. Куліка; дакументаў службовай дзейнасці; дакументаў грамадскай і палітычнай дзейнасці; дакументаў аб удзеле Я.С. Куліка ў абароне помнікаў гісторыі і культуры г. Мінска і інш.; дакументаў гісторыка-этнаграфічных экспедыцый з удзелам Я.С. Куліка; дакументаў да юбілейных дат Я.С. Куліка за 1949-2002 гг.

У пяты раздзел уключаны дакументы, звязаныя з атрыманнем і ўтрыманнем творчых майстэрняў і іншыя дакументы бытавога характару за 1966- [1996] гг.

Шосты раздзел – “Дакументы пра Я.С. Куліка”. Складаецца з вершаў пра Я.С. Куліка, артыкулаў, прысвечаных Я.С. Куліку, інтэрв’ю Я.С. Куліка і інш. за 1975-2018 гг.

Сёмы раздзел – “Дакументы, сабраныя Я.С. Куліком для сваіх прац і па цікавых для яго тэмах”. Уключае ў сябе артыкулы, нататкі і інш. аб беларускіх замках і палацах; выявы замкаў і палацаў і інш.; артыкулы, нататкі па гісторыі беларускага кнігадрукавання; фотакопіі вокладак і старонак беларускіх выданняў XVI-XX стст.; артыкулы, нататкі і інш. па беларускай гісторыі, культуры, тапаніміцы, філатэліі і інш.; дакументы мастакоў, пісьменнікаў і інш.; дакументы вядомых асоб – ураджэнцаў Беларусі і прадстаўнікоў беларускіх дыяспар; буклеты, бюлетэні і інш. за 1920-я / 1930-я гг.-2001 гг.

Восьмы раздзел – “Выяўленчыя дакументы”. Складаецца з маляванага партрэта і індывідуальных фатаграфій Я.С. Куліка; фатаграфій Я.С. Куліка ў групах з членамі сям’і, аднакласнікамі, аднакурснікамі і інш.; у групах з дзеячамі літаратуры і мастацтва, з удзельнікамі мастацкіх выставак, гістарычных, юбілеяў; з удзельнікамі грамадскіх і палітычных мерапрыемстваў; фатаграфій Я.С. Куліка ў замежных паездках і інш.; фатаграфіі розных асоб за пач. 1930-х- 2019 гг.

Дзевяты раздзел – “Фотатэка па гісторыі Беларусі і іншых краін”. Складаецца з васьмі падраздзелаў: археалагічныя і нумізматычныя знаходкі; жыццё і побыт старажытнага грамадства; грамадская, сакральная і інш. архітэктура; гісторыя; гісторыя адзення; зброя і інш.; мастацтва і інш; фатаграфіі, малюнкі і інш., сабраныя Я.С. Куліком у час працы над фотатэкай за 1880-1998 гг.

Дзесяты раздзел – “Калекцыя рукапісаў, кніг і перыядычных выданняў”. Складаецца з шасці падраздзелаў: рукапісы; беларускія друкаваныя выданні; ксеракопіі выданняў беларускіх аўтараў і інш., беларускія перыядычныя выданні; перыядычныя выданні і інш. перыяду другой сусветнай вайны; рукапісы, друкаваныя выданні і інш. розных краін за 1903-1998 гг.

Адзінаццаты раздзел – “Калекцыя гістарычных, этнаграфічных і картаграфічных дакументаў”. Уключае ў сябе калекцыю гістарычных дакументаў, калекцыю картаграфічных дакументаў за 1887-[1970-я - 1990-я гг.].

Дванаццаты раздзел – “Мастацкая калекцыя Я.С. Куліка”. Складаецца з шасці раздзелаў: гравюры і рэпрадукцыі малюнкаў; гравюры і малюнкі з выявамі коней, птушак, раслін і інш.; заняткі, забавы, побыт еўрапейцаў XIII-XIX стст. на гравюрах і малюнках; выявы еўрапейскіх дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, дзечаў культуры, літаратуры, мастацтва і інш. XVI-XVIII стст. на гравюрах і малюнках XIX-XX стст.; экслібрысы; паштоўкі, калекцыя філатэліі, каляндарыкі, канверты і інш.

23 лістапада 2020 г.