Завершана навуковае апісанне фонду № 511 (вопіс № 1) празаіка, паэта Наўроцкага Аляксандра Піліпавіча

Наўроцкі Алесь (Аляксандр Піліпавіч) нарадзіўся 12 лютага 1937 г. у вёсцы Давыдаўка Даманавіцкага раёна Палескай вобласці (цяпер Светлагорскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і настаўнікаў. У 1944 годзе пайшоў у 1-ы клас Давыдаўскай сямігодкі. Потым вучыўся у Вяжненскай сямігодцы. З 1951 г. да 1954 г. вучыўся ў Бабруйскай школе санфельчараў. З 1954 г. да 1956 г. працаваў санфельчарам у Далматаўскай участковай бальніцы, што знаходзілася ў вёсцы Вышкава Мірскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1956 г. да 1962 г. вучыўся ў Мінскім медыцынскім інстытуце. З 1962 г. да 1965 г., пасля атрымання дыплома, быў урачом участковай бальніцы ў в.Аравічы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1965 г. пераехаў у Мінск, працаваў на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. У 1975 г. паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў г.Маскве, але скончыць іх не ўдалося. З 1964 г. член СП СССР. У 1978 г. выйшаў з СП СССР.

Упершыню выступіў ў друку ў 1952 г. у Парыцкай раённай газеце “Ленінская перамога” (верш “Краіна родная”). Друкаваныя кнігі і творы: “Пакаленні і папялішчы” (1990, зборнік вершаў), “Дома” (2016, аповесць) і інш.

Памёр А. Наўроцкі 24 красавіка 2012 г.

Дакументы А. Наўроцкага паступілі ў архіў-музей ад сястры Надзеі Піліпаўны Наўроцкай ў 2014 г.  У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1 у колькасці 90 адз. зах. (155 дакументаў) за 1951-2011 гг.

Вопіс складаецца з 4-х раздзелаў.

  1. У раздзел “Рукапісы А. Наўроцкага” ўвайшлі 5 падраздзелаў. У ім змешчаны творы, якія былі надрукаваны пасля смерці А. Наўроцкага у зборніку “Выбраныя творы” (2016): “Прыпяць” (раман), “Дома” (аповесць), “Блыха”, “Боль”, “Вароны крычаць” (вершы) і інш., а таксама недрукаваныя творы: раманы – “А маятник щёлкает”, “Белая Русь”, “Курапаты”, “Поколения и пепелища”, “Припять”, аповесць “Блакада”, п’есы – “Памылка”, “Сузор’е Андрамеда”, “Ульянка”, дзённік і інш. У падраздзеле 1.1. змешчана некалькі раманаў пад аднолькавай назвай  “Поколения и пепелища”, якія адрозніваюцца паміж сабой сюжэтнай лініяй.
  2. У раздзеле “Пісьмы А. Наўроцкаму ад пісьменнікаў і ўстаноў” змешчаны пісьмы А. Наўроцкаму ад В.У. Быкава, Э.С. Валасевіча, В.Вярбы, У.С. Караткевіча, Б. Сачанкі, В.С. Сёмухі і інш.
  3. Дакументы да біяграфіі А. Наўроцкага і сабраныя ім для сваіх прац.
  4. У раздзеле “Выяўленчыя дакументы” змешчаны фатаграфіі А. Наўроцкага, індывідуальныя і ў групах з роднымі, аднакурснікамі і рознымі асобамі, родных А. Наўроцкага.

6 снежня 2017 г.