Завершана навуковае апісанне фонду № 510 (вопіс № 1) паэтэсы, празаіка, драматурга, перакладчыка, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча Коўтун (Новік) Валянціны Міхайлаўны

Валянціна Міхайлаўна Коўтун (па мужу Новік) нарадзілася 6 красавіка 1946 г. ў вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўнікаў Міхаіла Фёдаравіча і Ганны Раманаўны. Сем класаў скончыла ў Сушыцкай сярэдняй школе, а пасля пераводу бацькоў на працу ў Жабчыцкую пачатковую школу вучылася ў бліжэйшай Малоткавіцкай школе, якую закончыла ў 1963 г. 1 верасня Пінскім райана была накіравана на працу піянерважатай у Паршавіцкую школу (цяпер Бярозавіцкую) Пінскага раёна. У верасні 1964 г. стала студэнткай рускага аддзялення філалагічнага факультэта Львоўскага дзяржаўнага універсітэта імя Івана Франка. 9 красавіка 1968 г., шляхам пераводу, была залічана на 4 курс рускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ імя У.І. Леніна. Пасля заканчэння вучобы ў 1969 г. працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры Гудагайскай вячэрняй школы, потым – Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. З жніўня 1970 г. па ліпень 1976 г. – літкансультант у “Сельскай газеце”, з 1976 г. – літсупрацоўнік, а з 1979 г. – рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса “Полымя”. У гэты перыяд завочна скончыла аспірантуру БДУ імя У.І. Леніна і ў 1979 г. пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР абараніла кандыдацкую дысертацыю “Паэтычная структура беларускай любоўнай пазаабрадавай песні”. З 1982 г. – загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва ў выдавецтве “Юнацтва”, з 1990 г. – старшы рэдактар аддзела прозы часопіса “Полымя”, з 2006 г. – рэдактар аддзела паэзіі ў часопісе “Маладосць” РВУ “Літаратура і мастацтва”. Па сканчэнні працоўнай дамовы 5 сакавіка 2007 г. яна звольнілася і больш да рэдакцыйнай працы не вярталася.

Член СП БССР з 1975 г., СП Украіны – з 1997 г. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.А. Куляшова за кнігу паэзіі “Метраном” (1986). З 1993 г. – старшыня Усебеларускага жаночага фонду Еўфрасінні Полацкай.

Першыя паэтычныя творы В.М. Коўтун надрукавала ў 1966 г. у львоўскай газеце “Ленінська молодь” у перакладзе на ўкраінскую мову. Аўтар зборнікаў паэзіі “Каляровыя вёслы” (1971), “На ўзлёце дня” (1977), “Метраном” (1985), “Лісты да цябе” (1988), “Свяча любові” (2006), “Малітва да Калымы” (2009) і інш., паэтычных зборнікаў для дзяцей “Мы робім казку” (1983), “Вясёлы заасад” (1986). В.М. Коўтун з’яўляецца аўтарам шэрагу празаічных твораў, сярод якіх раманы “Крыж міласэрнасці” (1988), прысвечаны беларускай паэтэсе Цётцы, “Пакліканыя” (2007), прысвечаны беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай, кнігі апавяданняў “Калінавая гронка залатая” (1988). Аўтар артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай беларускай паэзіі. Выйшлі кнігі “Святло народнага слова: Паэтычны лад беларускай народнай песні” (1984), “Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі” (1987). В.М. Коўтун выявіла сябе як таленавіты драматург. Былі напісаны п’есы “Вясельны хутар”, прысвечаная паэтэсе Я.І. Янішчыц, драматычная містэрыя “Крыж Ігуменні”, драма “Шлях Палачанкі”. Яна стварыла сцэнарыі і лібрэта паводле сваіх раманаў “Крыж міласэрнасці”, “Пакліканыя”, а ў 1994 г. па яе, сумесна з Ф. Коневым, сцэнарыі па рамане “Крыж міласэрнасці” быў пастаўлены аднайменны фільм. В.М. Коўтун вядома і як перакладчыца мастацкай літаратуры з балгарскай, літоўскай, польскай, рускай, украінскай і інш. моў. Апошнія гады жыцця працавала над раманам пад рабочай назвай “Над садам Іярданскім”, які так і не быў завершаны.

Памерла В.М. Коўтун 30 красавіка 2011 г. Пахавана на могілках п. Калодзішчы Мінскага раёна.

Дакументы В.М. Коўтун у архіў-музей пачалі паступаць ад самой пісьменніцы ў 2009 г. Але большая іх частка была перададзена 6 ліпеня 2011 г. яе дачкой Валянцінай пасля смерці маці. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1 у колькасці 376 спраў (2706 дак.) за [пач.1900-х]-2011 гг.

Вопіс складаецца з 9 раздзелаў.

  1. У раздзеле “Рукапісы В.М. Коўтун” – 7 падраздзелаў. У падраздзеле 1.1. сабраны зборнікі вершаў “Свяча любові”, “Малітва да Калымы”, “Выбранае”; паэмы “Абарона Пінска”, “На зломе маланкі”, драматычная паэма “Шлях Палачанкі”; цыкл вершаў “Малітва да Калымы”, вершы. Падраздзел 1.2. складаюць раманы “Крыж міласэрнасці”, “Пакліканыя”, “Над садам Іярданскім” і інш. У падраздзел 1.3. уваходзяць п’есы “Крыж Ігуменні”, “Вясельны хутар”, “Малітва да Калымы”. Сцэнарыі, лібрэта, апавяданні склалі падраздзел 1.4. Дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук “Поэтическая структура белорусской любовной внеобрядовой песни” і манаграфія “Стала песняю ў народзе. Асоба і творчасць Цёткі ў кантэксце станаўлення беларускай класікі” змешчаны ў падраздзеле 1.5. Артыкулы, рэцэнзіі, успаміны, бібліяграфія, дзённікавыя запісы склалі падраздзел 1.6. Падраздзел 1.7. прадстаўлены перакладамі В.М. Коўтун твораў з малдаўскай, літоўскай, польскай, рускай, славацкай, украінскай і іншых моў, сістэматызаваныя па іх алфавіце.
  2. Раздзел склалі запісныя кніжкі В.М. Коўтун з выпіскамі, зробленымі ў архівах Вільні, Львова, Ленінграда, шматлікія копіі архіўных дакументаў, якія паслужылі распрацоўцы сюжэтных ліній, прататыпаў герояў раманаў “Крыж міласэрнасці”, “Пакліканыя”, “Над садам Іярданскім”, запісамі вандровак, выпіскамі па гісторыі літаратуры і інш.
  3. У раздзеле сабраны пераклады твораў В.М. Коўтун на рускую, украінскую, туркменскую мовы.
  4. Раздзел “Перапіска” складаецца з 2-х падраздзелаў. У першым падраздзеле змешчаны пісьмы і паштоўкі да В.М. Коўтун ад дзеячаў літаратуры, мастацтва, грамадскіх дзеячаў: С.А. Алексіевіч, А.Г. і Г.Г. Астроўскіх, В.Л. Антонавай, Я. Брыля, Д.І. Бічэль-Загнетавай, В. Банайціса, З. Верас, А.І. Вярцінскага, С.З. Гаўрусёва, М. Драча, В.В. Зуёнка, В.А. Каваленкі, А.М. Кашкурэвіча, К.Ц. Кірэенкі, У.М. Конана, Х.А. Лялько, А.В. Мальдзіса, П.Р. Макарэвіча, П.Ф. Прыходзькі, Р.В. Родчанкі, А.М. Сідарэвіча, Ю. Туронка, А.Ю. Шарварока і інш. У другім падраздзеле знаходзяцца пісьмы устаноў: часопіса “Полымя”, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, пасольстваў Украіны, Вялікабрытаніі, ад музеяў, бібліятэк і інш.
  5. У раздзел увайшлі па алфавіце прозвішчаў ксеракопіі дароўных надпісаў В.М. Коўтун пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, вучоных на вокладках сваіх кніг.
  6. Біяграфічныя дакументы В.М. Коўтун прадстаўлены 4-мя падраздзеламі. У першым падраздзеле знаходзяцца асабістыя дакументы: атэстат аб сярэдняй адукацыі, працоўная кніжка, пасведчанні, дыпломы аб заканчэнні БДУ імя У.І. Леніна, кандыдата філалагічных навук, прафсаюзныя білеты, членскі білет СП Украіны, чытацкія білеты, дакументы вандровак у Грэцыю, Італію, ЗША, Ізраіль і інш. Другі падраздзел сабраў дакументы літаратурнай дзейнасці пісьменніцы: выдавецкія дагаворы, творчыя заяўкі, запрашэнні, афішы, праграмы і інш. У трэцім падраздзеле змешчаны дакументы Усебеларускага жаночага фонду Еўфрасінні Полацкай пад кіраўніцтвам В.М. Коўтун. Чацвёрты падраздзел склалі дакументы да юбілеяў В.М. Коўтун.
  7. У раздзел увайшлі дакументы пра В.М. Коўтун.
  8. “Дакументы, сабраныя В.М. Коўтун” прадстаўлены 3-мя падраздзеламі. У першым падраздзеле знаходзяцца дакументы, сабраныя для напісання раманаў “Крыж міласэрнасці”, “Пакліканыя”. Другі падраздзел змяшчае творы С.А. Алексіевіч, Я.І. Бяганскай, Л.В. Кастэнкі, В.А. Малагушы, В.С. Палтаран, І.З. Паўлюка, Я.С. Рамановіча, М.С. Якубоўскай, В.У. Яраца і інш. У трэці падраздзел увайшлі дакументы па гісторыі грамадска-палітычнага руху ў Рэспубліцы Беларусь ў 1993 – 2006 гг.
  9. У раздзеле “Выяўленчыя дакументы” сабраны фатаграфіі В.М. Коўтун, індывідуальныя і ў групах з дзеячамі літаратуры і мастацтва, роднымі, сябрамі, знаёмымі за [1960-я]-2006 гг.; эскізы мастацкага афармлення яе кніг і кніг выдавецтва “Юнацтва”, графічны партрэт Лесі Беларускі (паводле лагернага малюнка В.А. Малагушы) мастака І. Лукіна і інш.; календары, рэпрадукцыі з выявамі пісьменнікаў, карцін, гарадоў і інш. За раздзелам знаходзіцца невялікая колькасць дакументаў родных Валянціны Міхайлаўны: бацькі, брата, бабулі за 1923-1985 гг.

24 лістапада 2017 г.