Завершана навуковае апісанне фонду № 488 (вопіс № 1) паэтэсы, перакладчыцы Яўгеніі Кавалюк

Аўгіння (Яўгенія) Трафімаўна Кавалюк (да шлюбу – Сідаровіч) нарадзілася 13 сакавіка 1934 г. у в. Стральцы Скідзельскага раёна Гродзенскай вобласці. Гадавалася без бацькі – Трафіма Рыгоравіча Сідаровіча, які быў асуджаны як “вораг народа” і 15 гадоў правёў у ГУЛАГу. Скончыла СШ № 9 г. Гродна (1954), гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Я. Купалы (1959). У 1959 г. пераехала ў г. Рыгу (Латвія) да мужа – Леаніда Аляксандравіча Кавалюка, размеркаванага туды пасля сканчэння Ленінградскага электра-тэхнічнага інстытута імя Ульянава (Леніна). Працавала выхавацелем пры інтэрнаце камбіната “Рыга-Мануфактура”, з 1960 г. – настаўнікам малявання ў СШ № 43, з 1961 г. – настаўніцай гісторыі ў васьмігадовай школе № 47, з 1971 г. – загадчыкам чытальнай залы гарадской бібліятэкі № 27 г. Рыгі. З 1978 г. да 1982 г. працавала ў Міжгаліновым інстытуце павышэння кваліфікацыі спецыялістаў народнай гаспадаркі, з 1982 г. да 1987 г. – у Рыжскім вышэйшым ваенна-палітычным чырвонасцяжным вучылішчы імя Маршала Савецкага Саюза С.С. Бірузова. З лістапада 1987 г. жыла ў Санкт-Пецярбурзе, дзе выкладала гісторыю і была арганізатарам літаратурна-творчых гурткоў у СШ № 97 і № 101. Прымала ўдзел у мерапрыемствах Беларускага грамадска-культурнага таварыства г. Санкт-Пецярбурга.

Першы верш надрукавала ў раённай газеце ў 1952 г. З 1961 г. публікавалася ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Аўтар зборнікаў вершаў “Белае дзіва” (для дзяцей) (1964), “Маўклівыя скарбы” (1966), “Кропля бурштыну” (1974), “Імгненняў след” (1987), “Адклікаюцца рэхам гады” (2005) і інш. У 1993 г. прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, уваходзіла ў СП “Многонациональный Санкт-Петербург” [кан. 1990-х гг.–2007].

Перакладала з латышскай і рускай моў. Яе вершы былі перакладзены на латышскую, рускую і ўкраінскую мовы.

Памёрла 2 лістапада 2007 г. Пахавана ў г. Санкт-Пецярбурзе.

Дакументы А.Т. Кавалюк паступілі ў архіў-музей 16 чэрвеня 2009 г. ад яе мужа – Леаніда Аляксандравіча Кавалюка. У выніку навуковага апісання фонду № 488 быў складзены вопіс № 1 у колькасці 101 справы (1280 дакументаў) за 1949–2007 гг.

Вопіс складаецца з 6 раздзелаў:

  1. Рукапісы. Асноўная частка дакументаў – зборнікі вершаў і вершы А.Т. Кавалюк на беларускай і рускай мовах.
  2. Перапіска. Пісьмы А.Т. Кавалюк да Я. Брыля, А. Макоўскай і інш. Пісьмы да А.Т. Кавалюк ад дзеячаў літаратуры, культуры і мастацтва, ад сваякоў, сяброў і знаёмых.
  3. Біяграфічныя дакументы. Асабістыя дакументы і дакументы службовай і грамадскай дзейнасці А.Т. Кавалюк за 1959–2004 гг. Большасць дакументаў службовай і грамадскай дзейнасці звязана з працай А.Т. Кавалюк у СШ № 97 г. Санкт-Пецярбурга.
  4. Дакументы пра А.Т. Кавалюк. Артыкулы пра і з упамінаннем А.Т. Кавалюк. Дакументы аб смерці А.Т. Кавалюк і інш.
  5. Дакументы за 1959–[2007] гг. па цікавых для А.Т. Кавалюк тэмах. Словы на развітанне з В.У. Быкавым і С.І. Грахоўскім і інш..
  6. Выяўленчыя дакументы. Партрэт А.Т. Кавалюк. Фатаграфіі, індывідуальныя і групавыя (з бацькамі, мужам і сынамі, вучнямі, калегамі і інш.).

28 верасня 2016 г.